Трамп ідзе ва-банк: Расея трапіць у фінансавую пастку
- 13.04.2025, 17:00
Тарыфнае супрацьстаянне ЗША і Кітая будзе мець цікавыя наступствы.
Тарыфы, уведзеныя Дональдам Трампам супраць Кітая і фактычна супраць усяго свету, паўплываюць на глабальную эканоміку. Акрамя таго, гэта можа прывесці да новых канфліктаў.
Экс-сакратар Польскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі NATO Пётр Кульпа ў эфіры 24 канала адзначыў, што тарыфы супраць Кітая, якія ўвёў Дональд Трамп, прывядуць да таго, што Кітай будзе вымушаны аслабіць юань. Таму аслабне і рубель, а Расея трапіць у фінансавую пастку.
Гэта звязанае з тым, што кошт нафты зніжаецца, глабальны эканамічны рост запавольваецца, а значыць - падае попыт.
Усё гэта прывядзе да зніжэння коштаў і фінансавых праблем у Расеі.
«Я разглядаў гэты крок як спробу ЗША знізіць значэнне Расеі ў вачах хаўруснікаў. Чаго я не ўлічыў - дык гэта таго, што Трамп захоча дамаўляцца з «сусветным бандытам». Тое, што ён зрабіў - беспрэцэдэнтна: ён фактычна абнуліў усе пагадненні і заявіў, што «глабальны паліцыянт» будзе абараняць не ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу, а толькі тых, хто заплаціць», - сказаў Пётр Кульпа.
Кульпа дадаў, што пачалося сутыкненне, якое можа мець неймаверныя наступствы для сусветнай сістэмы і можа прывесці да вайны. Два «паравозы» сышліся на адной каляіне: амерыканскі і кітайскі. Цяпер кожны спрабуе прычапіць да сябе як мага больш «вагонаў» - хаўруснікаў - і рыхтуецца да сутыкнення.
Кульпа адзначыў, што манеўр Трампа быў цяжкапрагназаваным - ён увёў санкцыі практычна супраць усяго свету. Кітай пад сур'ёзнымі тарыфамі, астатнія - пад шантажом: калі нехта адкажа - атрымае пакаранне і будзе залічаны ў кітайскі «паравозік». Гэта значыць, ствараецца сістэма тэрору. Для таго, каб яна працавала, патрэбен глабальны бандыт, якім можна палохаць.
Уся сусветная сістэма пасля Брэтан-Вудскага пагаднення была пабудаваная на сувязі паміж эканамічнай свабодай, гандлем і бяспекай. Толькі тыя, хто падпарадкоўваўся ЗША, маглі ўдзельнічаць у глабальнай сістэме. Іншыя - выключаліся.
Як Трамп стварае новы сусветны парадак
«Цяпер Трамп хоча вярнуць гэтую сістэму, але без пагрозы гэта немагчыма. Таму яму патрэбен глабальны бандыт - Пуцін, які будзе пагражаць Еўропе. Без пагроз ніхто не пагодзіцца на шантаж і дыктат Трампа. Ён хоча, каб краіны, якія пазычалі грошы ЗША, яшчэ і плацілі за гэта. Усе запазычанасці ЗША ператвараюцца ў стогадовыя аблігацыі без адсоткаў, а тыя, хто хоча іх набыць, павінны яшчэ і плаціць камісію», - сказаў Кульпа.
Ён дадаў, што Трамп хоча абнуліць пазыку, аслабіўшы даляр. Тады суадносіны пазыкі да ВУП з улікам інфляцыі зменшацца. Гэта ўдар па ўсіх, хто пазычаў ЗША. Але найперш гэта ўдар і па саміх амерыканскіх інстытуцыях.
Таксама яны будуць патрабаваць лаяльнасці. Тым, хто супрацоўнічае з ЗША, забароняць карыстацца кітайскімі тэхналогіямі. Ужо рыхтуецца пастанова, паводле якой усе караблі, вырабленыя ў Кітаі, незалежна ад уладальніка, павінны будуць плаціць дадатковы збор за праход праз пратокі, заходы ў парты і да таго падобнае. Гэта магутны ўдар па свабодзе гандлю і сусветнай эканоміцы», - сказаў Кульпа.
Ён растлумачыў, што ўся стратэгія Трампа пабудаваная на рэкеце, шантажы, гвалце і спробе хаўрусу з Пуціным. ЗША ўдалося змякчыць стаўленне да Расеі з боку Вашынгтона. Кульпа адзначыў, што Трамп паказаў, што ён такі ж бандыт, як і Пуцін. Ён гатовы прымаць Пуціна і, фактычна, нічога страшнага ў гэтым не бачыць.