BE RU EN

У Архангельску студэнт спаліў чатыры паліцэйскія машыны

  • 13.04.2025, 18:03

Падпал здзейсніў актывіст студэнцкай рады Вышэйшай школы эканомікі, кіравання і права.

Сілавікі затрымалі 21-гадовага жыхара Архангельска за падпал паліцэйскага аўтапарку. Следчы камітэт пачаў супраць яго крымінальную справу аб тэракце (частка 1 артыкула 205 КК). Паводле версіі ўстановы, вечарам 12 красавіка малады чалавек абліў запальнай вадкасцю і падпаліў чатыры службовыя аўтамабілі на месцы дыслакацыі батальёна патрульна-паставой службы ўправы МУС па Архангельску. Размова ідзе пра аддзел паліцыі №4 на вуліцы Папова. У выніку пажару былі «сур'ёзна пашкоджаныя тры аўтамабілі», ніхто не пацярпеў, дадалі ў СК. Затрыманаму пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Сам ён заявіў, што знаходзіўся пад уздзеяннем ашуканцаў, з якімі меў зносіны праз тэлефон. Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал Baza паведаміў, што падпал здзейсніў «актывіст студэнцкай рады Вышэйшай школы эканомікі, кіравання і права». СК будзе хадайнічаць пра арышт затрыманага. Расследаванне вядзецца «пры аператыўным суправаджэнні» ўправы ФСБ Расеі па Архангельскай вобласці.

У той самы дзень, 12 красавіка, 13-гадовы школьнік падпаліў гандлёвы цэнтр «Элізіум» у падмаскоўным горадзе Нахабіна, паведаміла абласная пракуратура. У выніку выгаралі некалькі павільёнаў агульнай плошчай 100 м² на другім паверсе, ніхто не пацярпеў.

Ва ўстанове расказалі, што падлетак пазнаёміўся ў Telegram з карыстальніцай, якая назвалася дзяўчынкай Міланай, прапанавала сустрэцца і папрасіла адправіць геалакацыю. Пасля гэтага са школьнікам пад выглядам супрацоўнікаў ФСБ звязаліся ашуканцы, якія абвінавацілі яго ў перадачы звестак украінскай выведцы і запатрабавалі 500 тыс. рублёў. Калі ён не змог знайсці грошы, яны прымусілі яго выканаць заданне «для барацьбы са здраднікамі» – набыць каністру з бензінам і зладзіць падпал.

Апошнія навіны