FT: Еўракамісія выдае сваім супрацоўнікам, якія едуць у ЗША, аднаразовыя тэлефоны
- 14.04.2025, 20:30
Праз боязь шпіянажу.
Чыноўнікам Еўракамісіі, якія выпраўляюцца ў ЗША на вясновыя сустрэчы МВФ і Сусветнага банка, выдаюць «аднаразовыя» тэлефоны і бюджэтныя ноўтбукі, каб знізіць рызыку шпіянажу – захад, які традыцыйна ўжываўся пры паездках у Кітай.
Пра гэта 14 красавіка паведамляе Financial Times (пераклад – nv.ua) са спасылкай на чатыры інфармаваныя крыніцы.
Паводле іх словаў, такія захады ЕК паўтараюць тыя, што выкарыстоўваюцца пры паездках ва Украіну і Кітай, дзе стандартны камплект IT-тэхнікі нельга выкарыстоўваць – праз небяспеку сачэння з боку краіны-агрэсаркі Расеі або Кітая.
«Яны (кіраўніцтва Еўракамісіі – рэд.) непакояцца, што ЗША могуць прабрацца ў сістэмы камісіі», – сказала адна з крыніцаў.
«Стаўленне да ЗША як да патэнцыйнай пагрозы бяспекі падкрэслівае, наколькі пагоршыліся стасункі пасля вяртання Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША ў студзені. Ён абвінаваціў ЕЗ у тым, што той быў створаны для таго, каб “надзьмуць ЗША”, і абвясціў пра 20-адсоткавыя так званыя тарыфы ў адказ на экспарт блоку, якія потым былі зніжаныя ўдвая на 90-дзённы перыяд», – піша выданне.
Пры гэтым, паведамляе FT, прэзідэнт Трамп робіць выпады ў бок Расеі, спрабуе прымусіць Украіну перадаць ЗША кантроль над сваімі рэсурсамі, ужо часова прыпыняў афіцыйнаму Кіеву ваенную дапамогу, а таксама пагражаў спыніць амерыканскія гарантыі бяспекі Еўропе – тым самым падганяючы намаганні ў пераўзбраенні кантынента.
«Трансатлантычнаму альянсу прыйшоў канец», – сказаў FT ананімны чыноўнік ЕЗ.
Брусэль і Вашынгтон вядуць канфідэнцыйныя перамовы ў шэрагу абласцей, дзе кожнаму з бакоў было б выгадна збіраць інфармацыю пра іншы, піша выданне.
У панядзелак, 14 красавіка, камісар ЕЗ у гандлі Мараш Шэфчовіч павінен правесці ў Вашынгтоне перамовы з міністрам гандлю ЗША Говардам Лютнікам – у спробе ўрэгуляваць гандлёвую вайну паміж Вашынгтонам і Брусэлем, якая абвастраецца.
Далей тры высокапастаўленыя чальцы Еўракамісіі павінны будуць скіравацца ў Вашынгтон на пасяджэнні МВФ і Сусветнага банка з 21 да 26 красавіка – камісар у эканоміцы Валдзіс Дамброўскіс, кіраўнік дэпартамента фінансавых паслуг Марыя Луіс Альбукерке і ўпаўнаважаны ў дапамозе развіццю ЕЗ Юзэф Сікела.
Прадстаўнікі ЕК пацвердзілі FT, што інструкцыі ў бяспецы для супрацоўнікаў былі нядаўна абноўленыя, але адмовіліся каментаваць канкрэтныя дэталі. Паводле словаў чыноўнікаў, у працэсе была задзейнічаная дыпламатычная служба ЕЗ – як і належыць пры абнаўленні сістэмы бяспекі.
Акрамя таго, крыніцы сярод чыноўнікаў ЕЗ расказалі выданню, што ў інструкцыі для ўсіх супрацоўнікаў, якія накіроўваюцца ў ЗША, змяшчаецца рэкамендацыя выключаць тэлефоны на мяжы і змяшчаць іх у спецыяльныя чахлы – каб абараніць іх ад шпіёнскіх дзеянняў, калі гаджэты застануцца без нагляду.
«У ЗША існуе дадатковая рызыка – супрацоўнікі памежнай службы маюць права канфіскоўваць тэлефоны і кампутары наведвальнікаў і правяраць іх змесціва. Турыстам і навукоўцам з Еўропы было адмоўлена ва ўездзе ў краіну, калі ў іх тэлефонах ці ноўтбуках былі выяўленыя каментары ў сацыяльных сетках або дакументы, якія крытыкуюць палітыку адміністрацыі Трампа», – падсумавала FT.