Расею чакае абвальнае падзенне здабычы нафты
- 14.04.2025, 20:47
Потым – поўнае знікненне з сусветнага нафтавага рынку.
Нафтавы дабрабыт, у якім больш за паўстагоддзя жыве Расея, прадаючы за мяжу вуглевадароды ў абмен на валюту, тэхналогіі і шырспажыў, з пагрозлівай хуткасцю набліжаецца да фіналу, піша The Moscow Times.
Без значных інвестыцый, тэхналагічнага прарыву, зменаў у рэгуляванні і скасавання заходніх санкцый Расея ўжо ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі можа сутыкнуцца з абвальным падзеннем здабычы нафты, а ў найгоршым выпадку – цалкам знікнуць з сусветнага нафтавага рынку. Такі прагноз урад заклаў у Энэргастратэгію да 2050 года, якую ў панядзелак зацвердзіў расейскі прэм'ер Міхаіл Мішусцін.
Згодна з дакументам, у «інэрцыйным сцэнары», які «прадугледжвае захаванне існых трэндаў і дзейных падыходаў у галінах ПЭК», здабыча нафты з цяперашніх 530–540 млн тонаў за год знізіцца да 477 млн тонаў да 2036 года, а да 2050-га – да 28. Экспарт нафты пры гэтым давядзецца скараціць у 3 разы – з 234 да 79 млн тонаў за год.
У «стрэс-сцэнарыі», які ўключае ўзмацненне заходніх санкцый і паскораную адмову свету ад вуглевадародаў, да 2050 года Расея будзе здабываць толькі 171 млн тонаў нафты штогод – утрая менш, чым цяпер. А бараляў для экспарту не застанецца зусім: ягоны аб'ём апусціцца да нуля.
Нафтагазавы сектар забяспечвае трэць прыбыткаў бюджэту, трэць усіх інвестыцый у краіне і дзве трэці валютнай выручкі эканомікі. Але «ў частцы здабычы і экспарту нафты пры захаванні актуальных тэндэнцый ёсць значныя рызыкі скарачэння аб'ёмаў вытворчасці», гаворыцца ў стратэгіі. Старыя, адчыненыя яшчэ пры СССР радовішчы паступова высільваюцца, а новых з таннай і лёгкай у здабычы нафтай выявіць не атрымоўваецца. Акрамя таго, адбіваецца высокі ўзровень падаткаў для нафтавых кампаній і «абмежаванасць доступу да тэхналогій як для распрацоўкі, так і для выведкі запасаў», гаворыцца ў дакуменце.
Згодна з стратэгіяй, усяго ў расейскіх нетрах знаходзіцца 31 млрд тонаў разведаных запасаў нафты, якой магло б хапіць на 65 гадоў здабычы. Аднак трэць, ці больш за 10 млрд тонаў, у цяперашні момант «нерэнтабельныя».
Каб падтрымліваць цяперашні ўзровень нафтаздабычы («мэтавы сцэнар»), патрабуюцца значныя інвестыцыі, а таксама дасягненне «тэхналагічнага суверэнітэту», вынікае са стратэгіі. Увогуле, згодна з дакументам, трэба правесці «замяшчэнне» больш за 1500 пазіцый «крытычна неабходнага абсталявання».
Пакуль жа расейская сыравінная галіна захоўвае амаль татальную залежнасць ад замежных тэхналогій. Дзель імпартнага свідравога абсталявання, а таксама аналітычнага ПЗ для здабычы карысных выкапняў у цяперашні момант перавышае 90%. Імпартнымі, паводле звестак Мінпрыроды, застаюцца 50% горных машынаў і 30% наземнага геафізічнага абсталявання. Крыху меншая залежнасць ад імпарту абсталявання для тэхналагічных даследаванняў (20%) і геафізічнага абсталявання для даследавання свідравінаў (10%).
У галоўным нафтавым рэгіёне Расеі – Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе, – які забяспечвае практычна палову ўсіх выманых з нетраў бараляў, здабыча ўжо імкліва зніжаецца, адзначае эксперт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін: у 2007–2008 гг. там пампавалі 280 млн тонаў штогод, летась – толькі 205 млн тонаў. І паводле прагнозаў уладаў ХМАА, у найгоршым выпадку здабыча знізіцца яшчэ на 40 млн тонаў да 2030 года, і больш чым утрая – да 2050-га.
Нафтавых запасаў катэгорыі А, гэта значыць даказаных, ужо задзейнічаных у эксплуатацыі і з добра вывучанымі характарыстыкамі, у Расеі 9,1 млрд тонаў. Аднак досвед кампаній-аператараў на промыслах паказвае, што на самай справе камерцыйна рэнтабельных запасаў у краіне засталося ўдвая менш – блізу 4,3 млрд тонаў, і вычарпаць іх можна ўжо гадоў праз восем, папярэджвае Круціхін.