Нарышкін у Менску палохаў Лукашэнку войскамі NATO
- 15.04.2025, 18:55
Кіраўнік СЗР таксама пагражаў Польшчы і краінам Балтыі.
У выпадку агрэсіі з боку Паўночнаатлантычнага альянсу супраць Беларусі і Расеі шкода будзе нанесены ўсяму блоку NATO, але першыя пацерпяць "палітычныя колы Польшчы і балтыйскіх краін", заявіў дырэктар Службы замежнай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін 15 красавіка ў Менску пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Польшча і краіны Балтыі, паводле слоў Сяргея Нарышкіна, "адрозніваюцца асаблівай агрэсіўнасцю, асабліва на словах, бразгаюць зброяй".
Галоўнага расейскага выведчыка абурае план Польшчы "уздоўж межаў Беларусі і Калінінградскай вобласці ўстанавіць блізу 2 мільёнаў супрацьтанкавых мін". Акрамя таго, як заявіў Нарышкін, Польшча "вельмі хацела б, разлічвае, спадзяецца атрымаць яшчэ ад амерыканцаў ядзерную зброю".
Сяргей Нарышкін абвінаваціў заходніх суседзяў Беларусі ў тым, што менавіта іх вайковая актыўнасць прывяла да цяперашняга крызісу ў Еўропе.
“Гэта, канечне, сумна. Яны ніяк не могуць зразумець, што менавіта нарошчванне вайсковай актыўнасці ў межах Расеі, Беларусі стала адным з чыннікаў і прычын цяперашняга такога вялікага, вострага, вельмі небяспечнага крызісу на еўрапейскім кантыненце. Яны павінны б зразумець (хоць пакуль не разумеюць), што ў выпадку агрэсіі з боку Паўночнаатлантычнага альянсу супраць “саюзнай дзяржавы” шкода будзе нанесеная, безумоўна, усяму блоку NATO, але ў большай ступені першыя, хто зазнае, - гэта носьбіты такіх ідэй, носьбіты сярод палітычных колаў Польшчы і прыбалтыйскіх краін”, - сказаў.
Паводле слоў Нарышкіна, “перад Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі і Службай замежнай выведкі Расеі стаяць няпростыя спецыфічныя задачы аб гарантаванні бяспекі Беларусі і Расеі”. “У гэтым кірунку зроблена ўжо даволі шмат, але пры гэтым мы бачым падвышэнне вайсковай актыўнасці дзяржаў NATO каля нашых межаў. Мы адчуваем і бачым, што еўрапейскія краіны - асабліва Францыя, Вялікабрытанія і Нямеччына - падвышаюць узровень эскалацыі вакол украінскага канфлікту. Таму нам трэба дзейнічаць на апярэджанне. Мы да гэтага гатовыя”, - заявіў Сяргей Нарышкін.
Візіт Сяргея Нарышкіна да беларускага дыктатара не анансаваўся. Як паведаміла пасля сустрэчы прэс-служба Лукашэнкі, апошні так патлумачыў яе неабходнасць: “Шчыра кажучы, і гадзіннік зверыць, і параіцца ў некаторых пытаннях, і паглядзець недалёкую перспектыву, як мы будзем дзейнічаць, што рабіць, абмеркаваць шэраг палітычных пытанняў, асабліва ў гэтай турбулентнай сітуацыі”.