BE RU EN

Два расейцы спрабавалі незаконна вывезці з Беларусі бульбу

  • 16.04.2025, 11:34

Іх спынілі проста на дарозе.

У Дзяржаўным мытным камітэце (ДМК) Беларусі 15 красавіка паведамілі аб дзвюх спробах незаконнага вывазу бульбы з краіны. Увогуле гомельскія мытнікі супольна з калегамі з расейскай Федэральнай мытнай службы не выпусцілі з краіны 64 тоны бульбы, на якія ў расейскіх кіроўцаў дзвюх фур не было суправаджальных дакументаў.

Як растлумачылі ў ДМК, дзве фуры пад кіраваннем грамадзян Расеі спынілі проста ў дарозе - на адцінку трасы М-10 у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці, падчас аднаго "спецыяльных мерапрыемстваў" мытнікаў. У кіроўцаў пры сабе не было ні абавязковых суправаджальных дакументаў, ні сертыфікатаў, якія пацвярджаюць бяспеку прадукцыі, ні нават дазволу на такі тып грузавых перавозак.

Паколькі на вываз бульбы з Беларусі зараз дзейнічае абмежаванне (вывозіць яе можна толькі з аднаразовымі ліцэнзіямі МАРГ і з узгаднення з мясцовымі выканаўчымі камітэтамі), у дзеяннях перавозчыкаў угледзелі парушэнні. Гомельская мытня ў дачыненні да кіроўцаў ужо пачала адміністрацыйныя працэсы: паводле артыкула 13.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі за парушэнне парадку транспартавання тавараў ім можа пагражаць штраф - да 30 базавых адзінак, гэта значыць да 1260 рублёў на сённяшні дзень.

Між тым, агульны кошт бульбы, якую спрабавалі незаконна вывезці з краіны, ацанілі на 75 тысяч рублёў.

Апошнія навіны