Берасцейскі гарвыканкам з бюджэту аплаціў мыццё ў лазні на 7 470 рублёў
- 16.04.2025, 14:15
Добра папарыліся.
Берасцейскі гарвыканкам 11 красавіка размясціў на сайце дзяржзакупак тэндар на адпачынак у лазні і закрыў у той жа дзень. За «паслугу мыцця ў лазні» заплацілі 7470 рублёў.
У тэндары гаворыцца, што выканаць паслугу неабходна ў перыяд з 6 да 30 траўня 2025 года.
Выданне Bgmedia знайшло падрабязнасці ў адным з дакументаў тэндару. Высвятляецца, што за гэтую суму павінны памыцца прыблізна 415 чалавек за тры разы.
«Выканаўца ў дні мыцця забяспечвае ў лазні належны парадак, тэмпературны рэжым. Дастаўка да месца выканання паслугі мыцця ў лазні ажыццяўляецца сіламі заказчыка», - гаворыцца ў дакуменце. Падпісаў яго галоўны спецыяліст у абароне дзяржаўных сакрэтаў Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Залатухін.
Якая з берасцейскіх лазняў здабыла тэндар гарвыканкама, журналісты выявіць не змаглі.
На каго разлічаная гэтая паслуга? Выказваецца некалькі версій. Магчыма, гэта будуць прадстаўнікі дэлегацый, якія прыедуць у Берасце святкаваць 9 траўня. Другі варыянт - прадстаўнікі берасцейскай тэрытарыяльнай абароны (апошнім часам гарвыканкам актыўна купляе вайсковыя рэчы). Урэшцерэшт не выключана, што гэта могуць быць самі берасцейскія чыноўнікі.