Адзін з банкаў увёў валютныя змены ў разліках
- 16.04.2025, 17:06
Яны тычацца юаня і еўра.
СтатусБанк пераводзіць некаторыя разлікі з юаня на еўра. Пра гэта паведамляецца на сайце структуры, заўважыла «Зеркало».
Так з 14 красавіка "СтатусБанк" змяніў валюту разлікаў з аплатнай сістэмай Mastercard: зараз замест кітайскага юаня зноў выкарыстоўваецца еўра.
Змена закранае разлікі карткамі Mastercard за набыткі і аплаты за мяжой, уключаючы інтэрнэт-крамы і онлайн-сэрвісы. А таксама аперацыі ў Беларусі, калі яны праходзяць праз прылады іншых банкаў і ажыццяўляюцца ў замежнай валюце.
Раней аналагічную пастанову прыняў "Белгазпрамбанк".
Нагадаем, шэраг банкаў пачаў пераводзіць разлікі з міжнароднай аплатнай сістэмы Mastercard з еўра на юані ў 2023 годзе ў сувязі з увядзеннем заходніх санкцый.
Такія змены былі звязаныя з санкцыямі, уведзенымі супраць Беларусі. Раней валютай разлікаў па Mastercard быў еўра, а на Visa - даляр. Пасля ўвядзення санкцый супраць афіцыйнага Менска гэтыя валюты не заўсёды былі зручныя і даступныя банкам. У выніку яны шукалі, як спрасціць працэс правядзення транзакцыі.