Кітай адхіліў яшчэ адзін праект новага газаправода з Расеі
- 16.04.2025, 22:52
Пекін назваў маршрут Крамля «занадта дарагім».
Яшчэ адзін праект газаправода, які Крэмль прапаноўваў Кітаю замест так і няўзгодненай трубы «Сіла Сібіры-2», не набыў ухвалення ў Пекіне.
Праект паставак газу праз Казахстан, пра які Масква абвясціла восенню мінулага года, абяцаючы пампаваць 45 млрд кубаметраў за год, рэалізаваць не атрымаецца, паведаміў амбасадар КНР у Расеі Чжан Ханьхуэй. Паводле ягоных словаў трубаправод, з дапамогай якога Крэмль абяцаў таксама газіфікаваць паўночна-ўсходнія вобласці Казахстана, аказаўся «занадта дарагім».
«Пастаўка газу з РФ праз Казахстан не атрымоўваецца, таму што там адзін газаправод, і ён перапоўнены. Калі перавозіць расейскі газ па гэтым маршруце, нам давядзецца пабудаваць новы (газаправод). Гэта задорага. Расейскі бок вывучае (гэты варыянт), але гэта не рэальна», – цытуе Чжана Ханьхуэя «Інтэрфакс».
З прапановай пампаваць газ у Кітай праз Казахстан віцэ-прэм'ер РФ Аляксандр Новак выступіў у лістападзе 2024 года – неўзабаве пасля таго, як перамовы аб праекце «Сіла Сібіры-2» канчаткова зайшлі ў тупік.
Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін яшчэ ў 2022 годзе прапанаваў старшыню КНР Сі Цзіньпіну нарасціць набыццё расейскага газу да 100 млрд кубаметраў за год, каб замяніць «Газпраму» страчаны еўрапейскі рынак. Але нягледзячы на заявы аб «стратэгічным партнёрстве» без межаў і паездкі Пуціна ў Пекін, старшыня КНР так і не даў «дабро» на будоўлю. Паводле звестак Financial Times, каменем спатыкнення стаў кошт газу: Кітай запатрабаваў апусціць яго да ўнутрырасейскага ўзроўню, гэта значыць блізу $ 60 за тысячу кубаметраў. Гэта ў чатыры разы танней, чым расейскі газ абыходзіцца Кітаю цяпер: $260 за тысячу кубоў па газаправодзе «Сіла Сібіры-1».
Расейскія ўлады ў канцы 2023 года сцвярджалі, што «Сіла Сібіры-2» магутнасцю 50 млрд кубаметраў за год знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці і ўжо ў першым квартале 2024 года будзе зацверджаная праектная дакументацыя. Але праз паўтара года ні праект, ні будоўля так не атрымалі «зялёнага святла».
Манголія – краіна, праз якую павінна была прайсці труба даўжынёй 2,5 тысячы кіламетраў, – не ўключыла газаправод «Газпрама» ў план нацыянальнага развіцця да 2028 года, паведамляла The South China Morning Post. Маскве не ўдалося дамовіцца з Пекінам, расказваў выданню былы чалец Рады бяспекі Манголіі Мунхнара Баярлхаўга.
Летась «Газпрам» прапампаваў у Кітай 31 млрд кубаметраў газу, а ў гэтым наросціць пастаўкі да мяжы магутнасці «Сілы Сібіры» – 38 млрд кубаметраў за год. Гэта, зрэшты, кампенсуе яму толькі 15% ад былога экспарту ў Еўразвяз, які на піку дасягаў 200 млрд кубаметраў штогод, а пасля пачатку вайны з Украінай упаў да мінімумаў з другой паловы 1970-х: 28 млрд кубаметраў у 2023 годзе і 32 млрд – у 2024-м.