У Менску прадалі рэкордна дарагую кватэру
- 16.04.2025, 21:08
Дзе яна знаходзіцца?
З'явілася інфармацыя пра самую дарагую кватэру, прададзеную ў сталіцы ў сакавіку, піша Realt.by.
Гэтае жыллё размешчанае ў прэстыжным жылым комплексе Depo, які будуецца ў раёне плошчы Перамогі.
ЖК узводзіцца на месцы, дзе ў XIX стагоддзі знаходзіўся конскі рынак, а ў XX стагоддзі – трамвайнае дэпо. Забудоўнік «А-100 Дэвелапмент» пачаў здаваць першыя дамы гэтага закрытага жылога комплексу ў канцы 2022 года.
А ў сакавіку 2025-га была набытая кватэра ў шасціпавярховым доме па вуліцы Кісялёва, 6а.
Новаму ўладальніку набытак абышоўся на $835 тыс. (або $3,832 тыс. за «квадрат»).
Агульная плошча шасціпакаёвай кватэры – 218 м2, вышыня столяў – большая за 3 м, размешчаная яна на апошнім паверсе.