The Telegraph: Вялікая Брытанія падтрымае пастанову Нямеччыны перадаць Украіне ракеты Taurus
- 16.04.2025, 21:58
Магутная сістэма крылатых ракетаў здольная збіваць цэлі далёка ўглыбіні тэрыторыі РФ.
Вялікая Брытанія гатовая падтрымаць пастанову Нямеччыны аб перадачы Украіне ракетаў Taurus, паведамілі The Telegraph крыніцы, блізкія да ўраду. Гэта стане істотнай падтрымкай новага канцлера Фрыдрыха Мерца.
На гэтым тыдні Мерц заявіў, што гатовы даць Кіеву дальнабойныя ракеты, але толькі пры агульнай дамоўленасці з хаўруснікамі – Вялікай Брытаніяй і Францыяй.
У сераду брытанскі чыноўнік, які мае дачыненне да фармавання знешняй палітыкі, паведаміў The Telegraph, што Вялікая Брытанія даўно выступае за перадачу Taurus Украіне і падтрымае гэты крок, калі яго прыме новы канцлер.
«Мы прадаўжаем працаваць з нашымі партнёрамі, сярод іншага з Нямеччынай, каб даць Украіне ўсё неабходнае для абароны яе суверэннай тэрыторыі», – сказаў суразмоўца.
Taurus – магутная сістэма крылатых ракетаў, здольная збіваць цэлі далёка ўглыбіні тэрыторыі Расеі. Яна можа стаць вызначальным чыннікам на полі бою.
Олаф Шольц, дзейны адыходны канцлер, адмаўляўся пастаўляць Taurus Украіне, баючыся, што гэта можа ўблытаць Нямеччыну ў прамое супрацьстаянне з Расеяй.
Вядома, што Шольц баяўся сцэнарыяў, у якіх Украіна магла б выкарыстоўваць ракеты для нападу на Крэмль або стратэгічна важны Керчанскі мост у Крыме.
Адмова Нямеччыны пастаўляць Taurus выклікала расчараванне ў Вялікай Брытаніі і Францыі, якія ўжо пастаўляюць Украіне свае дальнабойныя ракеты – Storm Shadow і SCALP адпаведна.
Аднак Фрыдрых Мерц, які павінен заняць пасаду канцлера ў траўні пасля перамогі ягонай партыі на выбарах у лютым, заявіў, што гатовы змяніць падыход.
«Нашыя еўрапейскія партнёры пастаўляюць ужо крылатыя ракеты. Брытанцы гэта робяць, французы гэта робяць, амерыканцы таксама... Гэта павінна быць агульная пастанова. Калі яна будзе прынятая, Нямеччына павінна далучыцца», – заявіў Мерц.
Родэрых Кізеветэр – дэпутат партыі Хрысціянска-дэмакратычны звяз (ХДЗ) Мерца – адзначыў у сераду, што перамовы пра Taurus у новай кааліцыі прадаўжаюцца, і падтрымка з боку Брытаніі можа паўплываць на канчатковую пастанову Берліна.
Аднак ён папярэдзіў, што, нягледзячы на заявы Мерца, ягоная кааліцыя з Сацыял-дэмакратамі (СДПН) да гэтага часу не мае адзінства ў гэтым пытанні.
«Пастаўкі Taurus застаюцца спрэчным пытаннем... Я пакуль не бачу кансэнсусу, асабліва з прычыны таго, што партыі не ўзгаднілі ключавыя пытанні бяспекі ў кааліцыйным пагадненні», – сказаў ён The Telegraph.
Пакуль не бачу, каб Taurus перадалі. Любы ўплыў з боку брытанскага кіраўніцтва, якое дапаможа пераканаць Нямеччыну, будзе вельмі карысны», – дадаў ён.
Заявы Мерца адразу выклікалі рознагалоссі з СДПН, якая падкрэсліла, што існуюць «многія аргументы супраць» перадачы ракетаў Украіне, спрабуючы стрымаць чаканні.
Прадстаўнікі ўраду Шольца таксама зважаюць, што Taurus больш магутныя і дальнабойныя, чым Storm Shadow або SCALP, таму прамое параўнанне некарэктнае.
Міністр абароны Барыс Пісторыус (СДПН), як мяркуецца, захаваў пасаду ў новай кааліцыі, заявіў, што пастанова не перадаваць Taurus грунтуецца таксама на «канфідэнцыйных прычынах нацыянальнай бяспекі».
Аднак Кізеветэр мяркуе, што адмова ўраду Шольца перадаць Taurus толькі ўзмацніла пазіцыі Уладзіміра Пуціна, і гэтая памылка можа паўтарыцца.
На ягоную думку, прамаруджванне «аслабіла бяспеку Еўропы» і пытанне да СДПН – ці гатовая яна адысці ад тактыкі прамаруджвання і прымірэння, што панавалі пры Шольцу, каб пракласці шлях да большай адказнасці Нямеччыны ў еўрапейскай знешняй і палітыцы бяспекі.
«Затрымка і блакаванне перадачы гэтай магутнай зброі канцлерам Шольцам была сур'ёзнай памылкай і, у сутнасці, адмовай у дапамозе. Гэта аслабіла бяспеку Еўропы і прывяло да новых ахвяраў ва Украіне», – адзначыў Кізеветэр.
У той самы час Taurus, паводле ягонага пераканання, з'яўляецца эфектыўным сродкам для знішчэння камандных пунктаў і лагістыкі расейскіх войскаў, што дазволіць прадухіляць напады яшчэ да іх пачатку.
«Канцлер Мерц павінен неадкладна прыняць пастанову пра перадачу ракетаў, без ультыматумаў і ўмоваў», – падсумаваў дэпутат.