Украіна атакавала 112-ю брыгаду РФ у горадзе Шуі дронамі «Люты»
- 17.04.2025, 12:12
Беспілотнікі праляцелі больш за 700 км.
Сілы абароны Украіны другі дзень запар атакуюць пункт сталай дыслакацыі 112-й ракетнай брыгады УС РФ у горадзе Шуі Іванаўскай вобласці. Для ўдару выкарыстоўвалі дроны "Люты", якія паспяхова абышлі расейскую сістэму СПА і пераадолелі больш за 700 кіламэтраў, паведамляе Defense Express у чацвер, 17 красавіка.
На апублікаваных у Сеціе кадрах з Шуі відаць траплянне ў вайсковую часціну, пасля чаго там пачаўся пажар.
Аналітыкі Defense Express адзначаюць, што сістэма навядзення БЛА Люты дазваляе даволі дакладна цаляць. Таму ў выніку атакі 16 красавіка было зафіксавана некалькі траплянняў у памяшканні вайсковай часціны, у тым ліку штаб 112-й брыгады.
Места Шуя знаходзіцца за 700 км ад мяжы Украіны. Але дроны, са слоў аналітыкаў, праляцелі значна даўжэйшы маршрут, абышоўшы магутны абшар супрацьпаветранай абароны Маскоўскай вобласці і патрапіўшы ў цэлі ў так званым цэнтральным прамысловым рэгіёне РФ, найбольш абароненым ад паветраных нападаў.
Аналітыкі назвалі паказальным тое, што Расея пасля першай атакі не змагла заткнуць свае прагалы ў сістэме СПА, таму Лютыя даляцелі і на наступны дзень. Таксама два дні нападаў запар паказваюць на тое, што ў распараджэнні Сіл абароны Украіны ёсць неабходная колькасць далёкіх дронаў для метадычных удараў па тэрыторыі РФ.
112 брыгада, якая мае на сваім узбраенні балістычныя ракеты «Іскандэр-М», паводле ГУВ, датычная да ўдару па Сумах у Вербную нядзелю 13 красавіка, у выніку чаго загінулі 35 чалавек і больш за 120 атрымалі раны.
Раніцай 16 красавіка стала вядома, што дроны атакавалі вайсковую часціну, дзе базуецца 112 гвардзейская ракетная брыгада войска РФ. Telegram-канал Astra пісаў аб выбухах у горадзе.