Пуцін заклікаў расейцаў, якія трапілі ў палон да ХАМАС, сказаць дзякуй ваеўнікам
- 17.04.2025, 12:31
Адзін з іх правёў у палоне 498 дзён.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас сустрэч з былымі закладнікамі ісламісцкай групоўкі ХАМАС прапанаваў выказаць падзяку ваеўнікам, якія захапілі іх, піша The Moscow Times.
Аляксандр Труфанаў, ягоная маці Алена, бабуля Ірэна Таці і нявеста Сапір Коэн былі выкрадзеныя з кібуца Нір-Оз на мяжы з сэктарам Газай падчас нападу 7 кастрычніка 2023 года. Мужчыну прастрэлілі абедзве нагі, а ягонага бацьку Віталя забілі. Траіх жанчын ваеўнікі вызвалілі ў лістападзе 2023 года, а самога Труфанава — у лютым 2025-га. Ён правёў у палоне 498 дзён.
Пуцін заявіў былым закладнікам, што з імі здарылася "вялікая бяда", але адмовіўся даваць "палітычную ацэнку тых падзей, якія адбываюцца" на Блізкім Усходзе. Ён таксама паставіў сабе ў заслугу іхняе вызваленне з палону.
«Тое, што выпала вам апынуцца на волі, - гэта вынік таго, што ў Расеі стабільныя шматгадовыя стасункі з палестынскім народам, з ягонымі прадстаўнікамі, з самымі рознымі арганізацыямі. І, думаю, трэба выказаць словы падзякі палітычнаму кіраўніцтву ХАМАС за тое, што яны пайшлі нам насустрач і здзейснілі гэты гуманітарны акт — вас вызвалілі. Я вас якраз з гэтым хачу павіншаваць», — сказаў Пуцін.
У ХАМАС напярэдадні вызвалення 29-гадовага Труфанава заявілі, што яго адпусцяць на "знак павагі да пазіцыі Расеі што да Палестыны". Разам з ім ваеўнікі аддалі 36-гадовага грамадзяніна ЗША і Ізраіля Сагі Дэкель-Гена і 46-гадовага ізраільцяніна Яіра Горна. У абмен Ізраіль вызваліў 369 палестынскіх зняволеных і затрыманых. 36 з іх адбывалі пажыццёвы тэрмін.
Труфанаў — ураджэнец Растова-на-Доне. Ён рэпатрыяваўся ў Ізраіль у канцы 1990-х гадоў разам з сям'ёй, адслужыў у войску, скончыў універсітэт імя Бэн-Гурыёна і працаваў інжынерам. Аб забойстве свайго бацькі ваеўнікамі ён даведаўся толькі пасля вызвалення з палону.
Ізраіль і ХАМАС дасягнулі пагаднення аб часовым спыненні агню ў сярэдзіне студзеня. Групоўка павінна была адпусціць 33 ізраільскія закладнікі ў абмен на амаль 2000 палестынскіх зняволеных. Першы этап угоды закончыўся 1 сакавіка. Пасля гэтага стораны не змаглі дамовіцца аб падаўжэнні пагаднення. Уночы 18 сакавіка Ізраіль аднавіў баявыя дзеянні ў сэктары Газе. У палоне ў ХАМАС застаюцца яшчэ 59 закладнікаў. Паводле Арміі абароны Ізраілю, як мінімум 35 з іх мёртвыя.