Сталі вядомыя паўфінальныя пары Лігі чэмпіёнаў
- 17.04.2025, 15:04
«Інтэр» згуляе з «Барселонай», «Арсенал» сустрэнецца з «Пары Сен-Жэрмэн».
Міланскі «Інтэр» дома згуляў унічыю з мюнхенскай «Баварыяй» з лікам 2:2 і па суме двух матчаў выйшаў у паўфінал Лігі чэмпіёнаў.
Першая гульня прайшла ў Мюнхене і скончылася з лікам 2:1 на карысць «Інтэра».
Міланскі клуб другі раз за тры гады выйшаў у паўфінал. У сезоне 2022/23 каманда дайшла да фіналу, дзе саступіла «Манчэстэр Сіці».
У паўфінале «Інтэр» згуляе з «Барселонай». Каманды ўжо сустракаліся ў паўфінале Лігі чэмпіёнаў. У 2010 годзе міланскі клуб дома перамог з лікам 3:1, а ў гасцях саступіў з лікам 0:1 і прайшоў у фінал, дзе падолеў «Баварыю» (2:0).
У іншым паўфінале «Арсенал» згуляе з парыжскім «Пары Сен-Жэрмэнам». «Арсенал» упершыню з 2009 года прабіўся ў паўфінал.
Першыя паўфінальныя матчы пройдуць 29-30 красавіка, у адказ - 6-7 траўня.