BE RU EN

У Беларусі "паўнавартасна" укаранэняць лічбавы рубель

  • 17.04.2025, 18:12

Праз паўтара года.

У Беларусі ў другой палове 2026 года будзе паўнавартасна ўведзены ў абарачэнне Лічбавы беларускі рубель (ЛБР), заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка ў эфіры тэлеканала "Першы інфармацыйны", паведамляе БелТА.

Паводле яго слоў, да гэтага тэрміну лічбавай формай нацвалюты змогуць карыстацца суб'екты гаспадарання, а ў 2027 годзе ЛБР стане даступным для дзяржорганаў і грамадзян.

Распрацоўка платформы ЛБР пачалася ў студзені 2024 года. Яе ствараў адзін з асноўных распрацоўшчыкаў праграмных рашэнняў для Нацбанка Беларусі - "Цэнтр банкаўскіх тэхналогій". Платформа распрацоўвалася на адкрытым блокчэйне Hyperledger Fabric, у аснове якога ляжыць зыходны код ад Linux Foundation.

Галоўчанка адзначыў, што лічбавы рубель знаходзіцца ў сферы прыярытэтаў Нацбанка. Паводле яго слоў, самае галоўнае пытанне, якое вырашыць ЛБР, - гэта захаванасць сродкаў. Магчымасць прасачыць, як "лічбавыя грошы праходзяць па ўсім ланцужку", вельмі важная, растлумачыў кіраўнік рэгулятара.

Таксама Галоўчанка назваў вельмі перспектыўнай тэму выкарыстання лічбавай валюты ў трансгранічных разліках. Ён адзначыў, што Беларусь "вельмі цесна ўзаемадзейнічае" з Расеяй у гэтым пытанні.

«Вельмі важна, каб гэтыя валюты, што называецца, размаўлялі адна з адной і мы маглі праводзіць трансгранічныя ўгоды. Цяпер паралельна са стварэннем інфраструктуры беларускага лічбавага рубля ўжо працуем і над сумесным планам дзеянняў ў выкарыстанні гэтых інструментаў ва ўзаемных разліках», - расказаў ён.

Апошнія навіны