BE RU EN

Мэр Гданьска: Беларусы працавітыя і крэатыўныя

  • 17.04.2025, 19:46

Аляксандра Дулькевіч упэўнена, што прысутнасць беларусаў - безумоўны плюс для горада.

Беларусы ў Гданьску жывуць ужо даўно. Яшчэ пасля Другой святовай вайны тысячы жыхароў заходніх тэрыторый БССР добраахвотна-прымусова перасялілі ў польскае Памор'е. Другая хваля прыезду нашых суайчыннікаў у гэты рэгіён пачалася ў 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх "выбараў" і пратэстаў. Як да такога наплыву ставяцца жыхары горада, ці ўзнікаюць канфлікты і дыскрымінацыя? Пра гэта «Люстэрка» паразмаўляла з мэрам горада Аляксандрай Дулькевіч. Яна прызналася, што любіць заходзіць у кандытарскую, якую адкрылі выхадцы з нашай краіны.

Ці ёсць у вас актуальная інфармацыя пра тое, колькі беларусаў зараз жыве ў Гданьску?

- Па нашых ацэнках, гэта, верагодна, каля пяці-шасці тысяч. Ва ўсім Паморскім ваяводстве - каля 12 тысяч. Калі паглядзець на сітуацыю ў школах, то вельмі заўважна, што па колькасці беларуская меншасць саступае толькі ўкраінскай. Так што беларусаў сапраўды шмат.

- Як думаеце, чаму выбіраюць менавіта ваш рэгіён?

— У нас ёсць традыцыйная беларуская меншасць, якая з'явілася тут яшчэ падчас дэмаграфічных зменаў пасля Другой святовай вайны. Я хацела сказаць “эміграцыя”, але гэта была не эміграцыя. Вядома, што яны былі сілком пераселены сюды камуністамі. Я думаю, гэта быў пачатак.

Людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, тут, на Памор'і, стварылі культурную супольнасць "Хатка". Не ведаю, у якой ступені людзі вырашаюць пераехаць у Гданьск таму, што іх суайчыннікі ўжо жывуць тут, але калі я размаўляю з імі, то чую, што гэта адна з прычын. Верагодна, на гэта паўплывала і тое, што тут, у нашым горадзе, людзі адкрытыя для іншых.

- Магчыма, іх таксама прыцягвае мора? У нас у краіне яго няма.

- Так, магчыма. Думаю, прычына яшчэ і ў тым, што вашых землякоў добра прымаюць у Гданьску. Агульная ацэнка такая: беларусы працавітыя і крэатыўныя. Мы стараемся ствараць для іх магчымасці.

Нядаўна я хадзіла ў Гданьскі шэкспіраўскі тэатр на спектакль пра жанчын, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму з палітычных прычын. Гэтая п'еса была вельмі цікавая. У ёй расказваецца, як гэтыя жанчыны жывуць тут, але ў той жа час згадваецца іх жыццё на радзіме і прычыны,праз якія яны вымушаныя з'ехаць.

Нядаўна мы ўручылі культурныя стыпендыі. Два ці тры чалавекі з Беларусі атрымалі іх для рэалізацыі сваіх культурных праектаў.

- Масавы прыезд беларусаў у Гданьск супаў з пачаткам вашай працы на пасадзе мэра. Як вы лічыце, гэта добра для горада ці цяжар для сацыяльнай сферы?

- Я не магу сказаць, што клопат. Канешне, праблемы бываюць, але гэта такія ж сучасныя праблемы, як і іншыя. Размова ідзе, напрыклад, пра арганізацыю працы школ, каб у дзяцей сапраўды была магчымасць інтэгравацца і, перш за ўсё, вывучыць мову.

Разам з Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці ды іншымі арганізацыямі мы рыхтуем такія праекты. Напрыклад, праграма для новых жыхароў "CZEŚĆ!" («Прывітанне!». — Заўв.рэд.), у рамках якой, з аднаго боку, новапрыбылыя паляпшаюць свае моўныя навыкі, а з другога — даведаюцца пра наш горад, яго гісторыю, установы і арганізацыі, якія тут працуюць. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб яны маглі стаць нашымі суграмадзянамі ў максімальна магчымай ступені.

У нас таксама ёсць кансультатыўны орган пры мэры Гданьска - Савет імігрантаў і імігрантак, у які ўваходзяць і беларусы. Розныя інтэграцыйныя праграмы ажыццяўляюць і няўрадавыя арганізацыі, напрыклад, Цэнтр падтрымкі імігрантаў і імігрантак.

На мой погляд, прысутнасць беларусаў - безумоўны плюс для горада. Прабачыце, што я так кажу, але гэта яшчэ і прамая эканамічная выгада. Вашы землякі - людзі, якія працуюць, ствараюць эканамічны прадукт. І гэта вельмі, вельмі важна. Я таксама хачу адзначыць, што вашыя суайчыннікі з'яўляюцца суаўтарамі нашай культуры. Я сапраўды ўражана тым, колькі творчых, вынаходлівых людзей прыехалі ў наш горад і пакінулі тут незгладжальны след.

- Беларусы Гданьска інтэгруюцца ў польскае грамадства ці жывуць у сваёй дыяспары?

— Я думаю, што яны дзейнічаюць і ў першым, і другім варыянце. Мне вельмі падабаецца, як беларусы вядуць свой бізнэс. Яны стварылі для нас вельмі добрыя месцы.

Напрыклад, у нас ёсць («Эклерочная». - Заўв. рэд.), дзе прадаюць эклеры з рознымі начыннямі. Час ад часу я туды зазіраю. Нядаўна я даведалася, што яны адчынілі яшчэ адзін пункт, і зараз у нашым горадзе іх, мусіць, ужо чатыры. Адна з супрацоўніц распавяла мне, што ўладальнікі кандытарскай - два чалавекі з Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што з добрай ідэяй і ўпартай працай можна дабіцца поспеху ў бізнесе.

У мяне ёсць вялікая колькасць падобных прыкладаў з розных сфер жыцця. Вашы суайчыннікі інтэгруюцца, яны могуць быць паспяховымі і ствараць працоўныя месцы ў такіх эканамічных умовах, як зараз. І гэта вельмі, вельмі важна.

- Як польскае грамадства рэагуе на беларусаў, якія жывуць у Гданьску? Ці часта адбываюцца выпадкі дыскрымінацыі ці ксенафобіі?

- Шчыра кажучы, не памятаю, калі чула пра выпадкі дыскрымінацыі. Я заўважаю на вуліцах шмат машынаў з беларускімі нумарамі з зялёна-чырвоным сьцягам, але бачна, што ён прыкрыты бел-чырвона-белым сьцягам свабоднай Беларусі.

Не магу таксама ўзгадаць ніводнай гучнай сітуацыі дыскрымінацыі за апошні час. Мы сапраўды ведаем, што ў нас у горадзе дзейнічае праграма роўнага звароту. Гэта нашая палітыка, якая распаўсюджваецца на людзей рознага паходжання, веравызнання, полу, узросту, сэксуальнай арыентацыі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтая праграма мае розныя аспекты. З аднаго боку, адукацыйныя кампаніі, якія паказваюць, што мы вельмі розныя, але ў той самы час мы складаем адзінае грамадства. Але гэта таксама і розныя адукацыйныя мерапрыемствы, якія расказваюць, што гэта нармальна, што ўсе мы розныя.

Апошнія навіны