У Магілёўскай вобласці майстар прыйшоў ставіць вокны і спаліў хату замоўцы
- 17.04.2025, 20:08
На шчасце, усім удалося выбегчы з дому.
Гэтая сумная гісторыя здарылася ў Кіраўскім раёне ў снежні 2024 года. Цяпер крыміналісты пацвердзілі прычыну пажару ў прыватным доме. Пра яе расказалі ва ўправе ДКСЭ Магілёўскай вобласці.
А справа была так: у хаце мянялі вокны два спецыялісты. Гаспадыня ў нейкі момант паспрабавала распаліць у печы, але дровы не загараліся. Адзін з супрацоўнікаў прапанаваў дапамогу, жанчына адмовілася і пайшла ў іншы пакой да дзіцяці.
Тады 34-гадовы ўстаноўшчык вокнаў прынёс з аўтамабіля бутэльку з бензінам і плюхнуў у печ. Успыхнуў агонь, на мужчыну загарэлася вопратка, палыхнула і бутэлька з бензінам на падлозе.
Усім удалося выбегчы з дому, які ў выніку загарэўся.
Экспертыза пацвердзіла, што прычынай пажару стаў бензін, выліты ў печ, і ў дачыненні да майстра пачалі крымінальную справу.