У Менску для забудоўнікаў знізілі адсотак кампенсацыі дамоў, якія ідуць пад знос
- 18.04.2025, 9:40
Пастанова набыла моц сёння.
Менскі гарвыканкам зацвердзіў новы паказчык, які вызначае, якую долю жылля забудоўнікі павінны перадаць гораду для перасялення грамадзян з дамоў пад знос. Пастановай №1385 ад 10 красавіка гэты «новы паказчык кампенсацыі» на 2025 год устаноўлены на ўзроўні 6,8%, паведамляе «Телеграф».
Фактычна, як растлумачыў нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, гэта азначае, што пры будаўніцтве новых жылых дамоў на пляцоўках, дзе прадугледжаны знос старога жылля, забудоўнікі абавязаныя «кампенсаваць» гарадскому бюджэту кошт кватэр, неабходных для адсялення людзей з дамоў пад знос. Кампенсацыя можа адбывацца альбо шляхам бязвыплатнай перадачы ў камунальную ўласнасць гатовых кватэр (у суме 6,8% ад агульнай плошчы дома, які будуецца), альбо пералікам грашовых сродкаў у эквіваленце.
Паказчык, які дзейнічаў у 2024 годзе, складаў 9,3%. Чым выкліканае такое памяншэнне долі «перасяленчага» жылля (амаль на траціну), у апублікаванай пастанове не тлумачыцца.
Устанаўленне такога паказчыка прадугледжанае ўказам нумар 26 «Аб захадах удасканалення будаўнічай дзейнасці» і рэгламентуецца раздзелам, зацверджаным пастановай Саўміна нумар 407. Мясцовыя ўлады павінны ўстанаўліваць яго штогод.
Рашэнне Мінгарвыканкама набыло моц 18 красавіка 2025 года.
9 траўня міністры замежных спраў ЕЗ збяруцца ў Кіеве
У Францыі раскрылі дэталі сімвалічнага мерапрыемства.
Кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў краін-чальцоў Еўрапейскага Звязу плануюць 9 траўня наведаць Украіну і супольна адзначыць Дзень Еўропы. У гэты сімвалічны дзень яны пакажуць сваю салідарнасць, растлумачыў кіраўнік французскага МЗС Жан-Наэль Баро.
Словы Баро прагучалі падчас інтэрв'ю французскаму тэлеканалу LCI, якое адбылося ўвечары 17 траўня.
Размова Баро з тэлевядоўцам Дарыусам Рошберам доўжылася амаль 30 хвілін, сведчыць запіс, размешчаны на YouTube. У пэўны момант журналіст пацікавіўся, ці сапраўды кіраўнік МЗС Францыі збіраецца на «антытравень», які адбудзецца ў Кіеве 9 траўня. У адказ міністр запэўніў, што будзе ва Украіне і разам з ім будуць калегі з іншых краін ЕЗ.
«Міністры замежных спраў еўрапейскіх краін сустрэнуцца 9 траўня ў Кіеве. Таму я абавязкова буду там, не забываючыся, што 9 траўня мы будзем святкаваць яшчэ адну важную падзею — 75-годдзе дэкларацыі Роберта Шумана», — заявіў Баро, успомніўшы пра дату заснавання ЕЗ, калі Францыя і Нямеччына дамовіліся аб эканамічным супрацоўніцтве.
Міністр не расказаў іншых дэталяў сустрэчы: не зразумела, службовыя асобы якіх менавіта дзяржаў прыбудуць у Кіеў і ці будуць сярод іх, напрыклад, кіраўнікі МЗС Вугоршчыны, Славаччыны, Аўстрыі і г.д.
Падчас інтэрв'ю Баро і вядоўца таксама закранулі пытанне мірных перамоў і магчымасці замірэння. Чыноўнік запэўніў, што 17 красавіка на чарговым Парыжскім саміце адбылася вельмі важная размова з кіраўніком Дзярждэпа ЗША Маркам Рубіё. Таксама ён узгадаў свайго калегу з РФ Сяргея Лаўрова: 18 траўня Лаўроў павінен патэлефанаваць міністру і ён хацеў бы пачуць словы пра мір. Акрамя таго, чыноўнік узгадаў пра ядзерны шантаж РФ і пра тое, што еўрапейцы павінны з гэтым лічыцца.
«[Хацеў б], каб мне сказалі, што Расея пагадзілася на безумоўнае і неадкладнае спыненне агню. Будзе складана, цяжка пачаць дыскусію, хоць украінцы кажуць больш за месяц аб прыняцці спынення агню», - прагучала на відэа.
Адзначым, 14 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што запрасіў лідараў краін ЕЗ у Кіеў на 9 траўня. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што хацеў бы супольна з заходнімі партнёрамі адзначыць свята «Дзень Еўропы». Сустрэча адбудзецца ў процівагу вайсковаму параду, які правядуць у Маскве.