9 траўня міністры замежных спраў ЕЗ збяруцца ў Кіеве
- 18.04.2025, 10:02
У Францыі раскрылі дэталі сімвалічнага мерапрыемства.
Кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў краін-чальцоў Еўрапейскага Звязу плануюць 9 траўня наведаць Украіну і супольна адзначыць Дзень Еўропы. У гэты сімвалічны дзень яны пакажуць сваю салідарнасць, растлумачыў кіраўнік французскага МЗС Жан-Наэль Баро.
Словы Баро прагучалі падчас інтэрв'ю французскаму тэлеканалу LCI, якое адбылося ўвечары 17 траўня.
Размова Баро з тэлевядоўцам Дарыусам Рошберам доўжылася амаль 30 хвілін, сведчыць запіс, размешчаны на YouTube. У пэўны момант журналіст пацікавіўся, ці сапраўды кіраўнік МЗС Францыі збіраецца на «антытравень», які адбудзецца ў Кіеве 9 траўня. У адказ міністр запэўніў, што будзе ва Украіне і разам з ім будуць калегі з іншых краін ЕЗ.
«Міністры замежных спраў еўрапейскіх краін сустрэнуцца 9 траўня ў Кіеве. Таму я абавязкова буду там, не забываючыся, што 9 траўня мы будзем святкаваць яшчэ адну важную падзею — 75-годдзе дэкларацыі Роберта Шумана», — заявіў Баро, успомніўшы пра дату заснавання ЕЗ, калі Францыя і Нямеччына дамовіліся аб эканамічным супрацоўніцтве.
Міністр не расказаў іншых дэталяў сустрэчы: не зразумела, службовыя асобы якіх менавіта дзяржаў прыбудуць у Кіеў і ці будуць сярод іх, напрыклад, кіраўнікі МЗС Вугоршчыны, Славаччыны, Аўстрыі і г.д.
Падчас інтэрв'ю Баро і вядоўца таксама закранулі пытанне мірных перамоў і магчымасці замірэння. Чыноўнік запэўніў, што 17 красавіка на чарговым Парыжскім саміце адбылася вельмі важная размова з кіраўніком Дзярждэпа ЗША Маркам Рубіё. Таксама ён узгадаў свайго калегу з РФ Сяргея Лаўрова: 18 траўня Лаўроў павінен патэлефанаваць міністру і ён хацеў бы пачуць словы пра мір. Акрамя таго, чыноўнік узгадаў пра ядзерны шантаж РФ і пра тое, што еўрапейцы павінны з гэтым лічыцца.
«[Хацеў б], каб мне сказалі, што Расея пагадзілася на безумоўнае і неадкладнае спыненне агню. Будзе складана, цяжка пачаць дыскусію, хоць украінцы кажуць больш за месяц аб прыняцці спынення агню», - прагучала на відэа.
Адзначым, 14 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што запрасіў лідараў краін ЕЗ у Кіеў на 9 траўня. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што хацеў бы супольна з заходнімі партнёрамі адзначыць свята «Дзень Еўропы». Сустрэча адбудзецца ў процівагу вайсковаму параду, які правядуць у Маскве.