Рубіё: ЗША выйдуць з перамоў аб міры паміж Расеяй і Украінай, калі не ўбачаць прагрэсу ў найбліжэйшыя дні
- 18.04.2025, 11:27
Вашынгтон мяркуе, што пытанне трэба вельмі хутка ўрэгуляваць.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адмовіцца ад пасярэдніцтва ў дасягненні міру паміж Расеяй і Украінай, калі не ўбачыць прагрэсу ў гэтым кірунку ў найбліжэйшыя дні, заявіў кіраўнік Дзярждэпартамента Марка Рубіё.
«Мы не збіраемся працягваць гэтую працу тыднямі і месяцамі. Таму нам трэба вельмі хутка развязаць - і я кажу пра некалькі дзён, - ці выканальна гэта ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў. Калі так, то мы ў справе. Калі не, то ў нас ёсць і іншыя прыярытэты, на якіх мы павінны засяродзіцца», - сказаў Рубіё пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ЕЗ і Украіны ў Парыжы (цытата па Reuters).
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Трамп па-ранейшаму зацікаўлены ў падпісанні ўгоды, але гатовы рухацца далей, калі не ўбачыць неадкладных прыкмет прагрэсу. Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі амерыканскі палітык паабяцаў скончыць вайну за 24 гадзіны пасля вяртання ў Белы дом. Уступіўшы на пасаду прэзідэнта, ён ссунуў тэрміны на красавік-травень, бо сутыкнуўся з перашкодамі ва ўрэгуляванні.
Рубіё падкрэсліў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «прысвячае шмат часу і энэргіі» пытанню дасягнення міру ва Украіне, але ў свеце таксама адбываецца шмат іншых важных рэчаў.
«Мы хочам зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб быць карыснымі. У нас была добрая сустрэча ўчора. Я думаю, французы, брытанцы, немцы былі вельмі канструктыўныя, вельмі дапамагалі. І, спадзяемся, у нас будзе новая сустрэча на пачатку наступнага тыдня. Тады ў нас будзе больш канкрэтных адказаў наконт таго, наколькі мы блізкія да таго, каб дасягнуць прагрэсу. Але гэта не будзе працягвацца вечна», - дадаў ён.