NYT: Кітай перастаў набываць звадкаваны газ у ЗША
- 18.04.2025, 21:56
Пекін адлучаецца ад амерыканскай эканомікі.
Кітай поўнасцю перастаў набываць звадкаваны прыродны газ у ЗША пасля ўвядзення 15% тарыфу на пастаўкі ЗПГ 10 лютага.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на The New York Times.
Як паведамляе выданне, звесткі адсочвання караблёў сведчаць, што Пекін прадаўжае адлучацца ад амерыканскай эканомікі. Паводле інфармацыі мытнай службы Кітая, кітайскі імпарт ЗПГ з ЗША ўжо ўпаў да нізкага ўзроўню ў перыяд з лістапада да студзеня.
У той самы час Кітай пашырыў набыццё ў Расеі, якая летась паставіла ў краіну ў чатыры разы больш звадкаванага газу, чым Злучаныя Штаты.
Толькі два грузавыя караблі з ЗПГ з ЗША накіроўваліся ў Кітай, калі Пекін увёў тарыфы на амерыканскае выкапнёвае паліва ў адказ на першы раўнд 10-адсоткавых тарыфаў на кітайскія тавары, уведзеных прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Паводле звестак бельгійскай энэргетычнай кампаніі Kpler, адзін карабель прыбыў у Кітай да таго, як тарыфы пачалі дзеянне, і выгрузіў свой груз, а іншы накіраваўся ў Бангладэш, каб унікнуць тарыфаў.
NYT нагадала, што пастаўкі ЗПГ з ЗША ў Кітай рэзка выраслі пасля падпісання ў студзені 2020 года гандлёвага пагаднення паміж Пекінам і Вашынгтонам. Пагадненне змяшчала абяцанне Кітая павялічыць набыццё амерыканскага газу, але не абавязкова для выкарыстання ў Кітаі.
Потым яны рэзка ўпалі ў 2022 годзе, паколькі амерыканскі газ выпраўляўся ў Еўропу з высокімі коштамі пасля пастановы еўрапейцаў не набываць расейскі газ.
Паводле звестак мытнай адміністрацыі Кітая, летась на ЗША прыпадала 3% імпарту прыроднага газу ў Кітай.