BE RU EN

«Суперджэт» расейскай авіякампаніі зламаўся ў паветры

  • 19.04.2025, 8:49

Гэта як мінімум сёмы з пачатку года.

Пасажырскі самалёт Sukhoi Superjet 100 (SSJ-100) авіякампаніі "Расея", які выконваў рэйс з Санкт-Пецярбурга ў Маскву, запытаў аварыйную пасадку ў сталічным аэрапорце Унукава з-за паломкі, паведамляе "112". Са звестак крыніц, у лайнера ўзніклі сур'ёзныя праблемы з шасі: выйшла толькі пярэдняя стойка. Экіпажу нейкі час не ўдавалася ліквідаваць няспраўнасць, таму самалёт зрабіў некалькі кругоў над аэрапортам. У выніку ён усё ж прызямліўся, піша The Moscow Times.

Гэта як мінімум сёмы з пачатку года выпадак паломкі "Суперджэта" расейскіх авіякампаній у паветры. Папярэдні адбыўся 25 лютага. У самалёта, які накіроўваўся з Екацярынбурга ў Маскву, адмовіла радыёлакацыйнае абсталяванне. А 10 лютага лайнер, які выконваў рэйс Масква - Ніжнякамск, быў вымушаны вярнуцца ў Шарамеццева ў сувязі з няспраўнасцю датчыка кіравання механізацыяй крыла. 2 лютага “Суперджэт” авіякампаніі “Азімут”, які рухаўся з Тбілісі ў Санкт-Пецярбург, здзейсніў змушаную пасадку ў аэрапорце Пулкава. Паводле інфармацыі перавозчыка, спрацавала сігналізацыя аб няспраўнасці на борце. Пры гэтым крыніца "Известий" казала, што перад пасадкай у лайнера ўзніклі праблемы з рухавіком.

30 студзеня "Суперджэт" авіякампаніі "Расея", які выконваў рэйс з Санкт-Пецярбурга ў Калінінград, вымушана вярнуўся ў аэрапорт вылету з-за спрацоўвання індыкатара пажару ў багажным адсеку. А 19 студзеня лайнер гэтай жа авіякампаніі з 72 пасажырамі на борце, які ляцеў з Масквы ў Саранск, здзейсніў экстраную пасадку ў “Шарамеццева” пасля спрацоўвання датчыка няспраўнасці шасі.

Яшчэ адзін інцыдэнт з "Суперджэтам" адбыўся 17 студзеня. Самалёт авіякампаніі Red Wings, які рухаўся ў Ерэван з 86 пасажырамі на борце, экстрана прызямліўся ў аэрапорце Мінеральных Вод. У МНС сцвярджалі, што прычынай стала парушэнне працы сістэмы кандыцыянавання.

Тым часам "Ростэх" працягвае працу над імпартазамешчанай версіяй "Суперджэта". 17 красавіка ў карпарацыі паведамілі, што сертыфікацыя самалёта і айчыннага рухавіка ПД-8 будзе закончная ў 2025 годзе, а пастаўкі расейскім авіякампаніям пачнуцца ў 2026 годзе. Аналагічную інфармацыю прывёў кіраўнік Мінпрамгандлю Антон Аліханаў. Паводле яго звестак, у вытворчасці зараз знаходзяцца 20 такіх самалётаў. Раней тэрміны пачатку паставак лакалізаваных "Суперджэтаў" неаднаразова зрываліся. Першую партыю гэтых лайнераў павінен быў атрымаць "Аэрафлот" яшчэ ў 2023 годзе.

Апошнія навіны