Reuters: Ізраіль усё яшчэ разглядае магчымасць нападу на ядзерныя аб'екты Ірана
- 19.04.2025, 13:49
Планы ўключаюць спалучэнне авіяўдараў і аперацый камандас.
Ізраіль не выключае атакі на ядзерныя аб'екты Ірана ў найбліжэйшыя месяцы, нягледзячы на тое, што прэзідэнт Дональд Трамп паведаміў прэм'ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нэтаньяху, што ЗША пакуль не гатовыя падтрымаць такі крок, паведамілі ізраільскі чыноўнік і дзве іншыя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, піша Reuters.
Перамоўнікі ЗША і Ірана павінны правесці другі раунд папярэдніх перамоў аб ядзернай праграме ў Рыме 19 красавіка.
За апошнія месяцы Ізраіль прапанаваў адміністрацыі Трампа шэраг варыянтаў атакаваць іранскія аб'екты, у тым ліку некаторыя з часовымі рамкамі канца вясны і лета, паведамілі крыніцы. Планы ўключаюць спалучэнне авіяўдараў і аперацый камандас, якія адрозніваюцца па ступені сур'ёзнасці і могуць адкінуць здольнасць Тэгерана ўзброіць сваю ядзерную праграму ўсяго на некалькі месяцаў ці на год ці больш, паведамілі крыніцы.
У сераду газета New York Times паведаміла, што Трамп заявіў Нэтаньяху на сустрэчы ў Белым доме ў пачатку гэтага месяца, што Вашынгтон хоча аддаць прыярытэт дыпламатычным перамовам з Тэгеранам і што ён не гатовы падтрымаць удар па ядзерных аб'ектах краіны ў кароткатэрміновай перспектыве.
Але ізраільскія чыноўнікі зараз мяркуюць, што іх вайскоўцы маглі б замест гэтага нанесці абмежаваны ўдар па Іране, які запатрабуе меншай падтрымкі ЗША. Такі напад быў бы значна меншы за тыя, якія Ізраіль першапачаткова прапаноўваў.
Няясна, ці будзе Ізраіль ужываць такія дзеянні і калі, асабліва з пачаткам перамоў па ядзернай угодзе. Такі крок, хутчэй за ўсё, адштурхне Трампа і можа паставіць пад пагрозу шырэйшую падтрымку Ізраілю са боку ЗША.
Часткі планаў былі раней прадстаўленыя адміністрацыі Байдэна летась, паведамілі Reuters два былыя высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі Байдэна. Амаль усе яны патрабавалі значнай падтрымкі ЗША з дапамогай наўпроставага ваеннага ўмяшання або абмену выведзвесткамі. Ізраіль таксама папрасіў Вашынгтон дапамагчы Ізраілю абараніць сябе, калі Іран адкажа.
У адказ на просьбу пракаментаваць сітуацыю Рада нацыянальнай бяспекі ЗША спаслалася на каментары Трампа, зробленыя ў чацвер, калі ён паведаміў журналістам, што не адгаворваў Ізраіль ад нападу, але і не «спяшаецца» падтрымліваць ваенныя дзеянні супраць Тэгерана.
- Я думаю, што ў Ірана ёсць шанец стаць вялікай краінай і жыць шчасліва без смерцяў, - казаў Трамп. - Гэта мой першы варыянт. Калі ёсць другі варыянт, я думаю, гэта было б вельмі дрэнна для Ірана, і я думаю, што Іран хоча пагаварыць.
Офіс прэм'ер-міністра Ізраілю не адразу адказаў на запыт аб каментары.
Высокапастаўлены ізраільскі чыноўнік паведаміў Reuters, што пастанова наконт іранскага ўдару пакуль не прынятая. А высокапастаўлены прадстаўнік іранскіх службаў бяспекі заявіў, што Тэгеран ведаў аб планах Ізраіля і што напад выкліча «жорсткі і рашучы адказ з боку Ірана».
- У нас ёсць выведвальныя звесткі з надзейных крыніц аб тым, што Ізраіль плануе буйную атаку на ядзерныя аб'екты Ірана. Гэта выкліканае незадаволенасцю цяперашнімі дыпламатычнымі намаганнямі ў дачыненні да ядзернай праграмы Ірана, а таксама патрэбай Нэтаньяху ў канфлікце як сродку палітычнага выжывання, - паведаміў чыноўнік агенцтву Reuters.