The Guardian: У ЕЗ рыхтуюць жорсткія захады супраць Орбана
- 19.04.2025, 18:15
Праз ягоную пазіцыю датычна Украіны.
Краіны-сяброўкі Еўразвязу разглядаюць магчымасць пазбаўлення Вугоршчыны права голасу праз ейныя спробы перашкодзіць падтрымцы Украіны. Пра гэта паведамляе The Guardian.
Журналісты нагадалі, што Вугоршчына неаднаразова выступала супраць удзелу Украіны ў ЕЗ, спрабавала заблакаваць санкцыі супраць Расеі і наклала вета на вылучэнне 6 мільярдаў еўраў на кампенсацыю іншым краінам, якія прапануюць ваенную дапамогу Украіне.
«Аднак цяпер яе спробы перашкодзіць падтрымцы Украіны з боку ЕЗ могуць прывесці да перагляду стасункаў з блокам, у той час як прэм'ер-міністр Віктар Орбан змагаецца са сваім самым сур'ёзным палітычным спаборнікам за апошнія гады», – пішуць у выданні.
Удакладняецца, што дзяржавы-чальцы ЕЗ цяпер больш сур'ёзна, чым калі-небудзь, разглядаюць пытанне, як пазбавіць Вугоршчыну права голасу ў адпаведнасці з артыкулам 7 дамовы ЕЗ, які прадугледжвае санкцыі ў дачыненні да краіны-чальца, якая сістэмна парушае асноўныя нормы дэмакратыі.
Гэтая ідэя пакуль знаходзіцца на ранняй стадыі. Некаторыя інсайдары выдання мяркуюць, што яна ніколі не будзе рэалізаваная, паколькі для скасавання права голасу патрабуецца аднагалосная пастанова астатніх 26 краін-чальцоў ЕЗ.
Аднак іншыя крыніцы мяркуюць, што ідэю можна рэалізаваць, калі Вугоршчына паспрабуе накласці вета на падаўжэнне санкцый супраць Расеі – шырокага спектру захадаў, накіраваных на абмежаванне ваеннай эканомікі РФ, у тым ліку замарозку актываў расейскага Цэнтрабанка памерам 210 мільярдаў еўраў.
«Я амаль упэўнены, што калі б яны адчувалі, што ў іх ёсць падтрымка ЗША, яны заблакавалі б (голас Вугоршчыны – рэд.). У сутнасці гэта паставіла б іх не літаральна, а фактычна за межы звязу», – сказаў высокапастаўлены чыноўнік у каментары журналістам.
«Дзяржавы-сяброўкі ЕЗ сапраўды стаміліся ад Орбана», – сказала галандская дэпутатка Еўрапарламента ад партыі «Зялёныя» Тынэке Стрык.
Паводле ейных словаў, як мінімум 19 краінаў, мяркуючы з усяго, «гатовыя зрабіць крок у дачыненні да працэдуры ў рамках артыкула 7».