«Гэта натхніць Трампа змагацца за Украіну»
- 19.04.2025, 21:59
Украінскі народны дэпутат патлумачыў ад чаго наўпрост залежым прэзідэнт ЗША.
Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка адказаў на пытанне, што можа прымусіць Трампа пачаць рашуча дзейнічаць у кірунку развязання пытання вайны ва Украіне: «Грамадская думка ў Злучаных Штатах Амерыкі. Мы тры гады пра гэта казалі, але сістэмнай працы з амерыканскай грамадскай думкай так і не наладзілі. Гэта наша вялізная праблема».
Пра гэта Аляксей Ганчарэнка распавёў у эфіры тэлеканала «Київ 24».
Украінскі палітык паведаміў, ад чаго наўпрост залежны Трамп: «У грамадскай думцы ЗША ёсць адзін вельмі важны для нас момант. Амерыканцы па-рознаму ставяцца да дапамогі Украіне, але амерыканцы не любяць Расею. Яны ўважаюць Расею ворагам у большасці сваёй і гэта праблема для Трампа, таму што ён не хоча аказацца ў сітуацыі, калі ён проста фактычна «падарыў» Пуціну перамогу, і наогул дапамагае Пуціну. Для яго гэта будзе вельмі таксічна ўнутры ЗША. Гэтая акалічнасць на Трампа цісне».
Пасля гэтага Аляксей Ганчарэнка дадаў: «На Трампа ціснуць сенатары і кангрэсмены, якія ў большасці сваёй разумеюць, якая небяспека зыходзіць ад Расеі, і не хочуць кінуць у гэтым сэнсе Украіну, як няскончаную справу. І яшчэ ёсць адказнасць. Трамп можа колькі заўгодна казаць, што гэта вайна не яго, а Байдэна, калі б ён быў прэзідэнтам, то вайны б не было. Гэта ўсё ён паўтарае ўвесь час, але зараз ён нясе адказнасць за вынік».
«Трампу сапраўды не патрэбны свой Афганістан, гэта значыць сітуацыя, у якой амерыканцы ўклалі сюды больш за 100 млрд даляраў, палітычныя намаганні, а пасля ўсё гэта валіцца, а далей чалавечая трагедыя, якая на яго кладзецца. Гэта таксама ягоны страшны сон. Яму гэта дакладна не патрэбна. Гэта тыя абставіны, якія прымушаюць яго шукаць нейкія варыянты, а не проста кінуць нас на волю лёсу», - падсумаваў народны дэпутат.