BE RU EN

УСУ атрымалі загад датычна пуцінскага «перамір'я»

  • 20.04.2025, 8:41

Найбольш расейскіх атак фіксуецца на ўсходнім фронце.

Падраздзяленні Сілаў абароны Украіны пасля абвешчанага расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным «велікоднага перамір'я» атрымалі загад спыніць агонь па пазіцыях ворага.

Пра гэта інфармуе «Бі-бі-сі» са спасылкай на словы старэйшага афіцэра УСУ. Паводле словаў суразмоўцы, адпаведны загад атрымалі ягонае падраздзяленне і іншыя часткі.

Акрамя таго, украінскім вайскоўцам загадана фіксаваць парушэнні рэжыму спынення агню расейскімі войскамі пры дапамозе фота- і відэаздымкі. У выпадку неабходнасці падраздзяленням дазволена адкрываць агонь у адказ. Пры гэтым суразмоўца не ўдакладніў, ці былі ўжо зафіксаваныя такія выпадкі на практыцы.

Між тым «Суспільне» паведамляе са спасылкай на ўкраінскіх вайскоўцаў з Пакроўскага, Ліманскага і Краматорскага кірункаў, што на Данеччыне колькасць атак з боку расейскіх войскаў знізілася пасля 18-й. Яны апісалі абстаноўку на стан 21-й.

Да гэтага кіраўнік ЦПД пры РНБА Андрэй Каваленка расказаў, што акупанты прадаўжаюць весці агонь на ўсіх кірунках пасля пачатку дзеяння пуцінскага «перамір'я».

Больш за ўсё атакаў фіксуецца на Усходзе. Апроч гэтага, перад самым пачаткам «перамір'я» вораг чарговы раз атакаваў Украіну ўдарнымі дронамі.

У РНБА назвалі абвешчанае Пуціным «перамір'е» інфармацыйнай аперацыяй, пры дапамозе якой Крэмль хоча паказаць сябе «міратворцам» перад адміністрацыяй Дональда Трампа.

У рэальным спыненні агню Масква не зацікаўленая, паколькі прадаўжае адхіляць прапанову ЗША аб 30-дзённым перамір'і па ўсёй лініі фронту, якая паступіла больш за месяц таму.

Апошнія навіны