BE RU EN

«Паверце, для вашага дзіцяці і вас так будзе лепш»

  • 20.04.2025, 11:32

Бацькі менскіх падлеткаў расказалі пра «званочкі» са школы.

Днямі міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец у інтэрв'ю БТ расказаў, як спыніць пераезд школьнікаў на навучанне за мяжу.

«Сёння мы, вядома, павінны нашай моладзі, нашым школьнікам, нашым бацькам школьнікаў расказваць пра дасягненні нашай адукацыі, таму што часта мы надта сціплыя, пра гэта не гаворым, саромеемся паказаць», – сказаў чыноўнік, адзначыўшы, што «ў Беларусь прыязджаюць з многіх краінаў свету, каб атрымліваць менавіта беларускую адукацыю».

Тым часам нам вядомыя выпадкі, калі на даручэнне дырэктараў школаў класныя кіраўнікі старэйшых класаў (9–11) апытваюць дзяцей, у якую навучальную ўстанову яны збіраюцца паступаць пасля заканчэння школы. З моладдзю, якая збіраецца з'язджаць з Беларусі і паступаць у еўрапейскія ВНУ, праводзяць прафілактычныя гутаркі.

Потым класныя кіраўнікі тэлефануюць бацькам і тлумачаць, што «для вашага дзіцяці і вас будзе лепш, калі дзіця будзе вучыцца ў сваёй краіне».

«Салідарнасць» пагутарыла з мамай дзевяцікласніцы і мамай абітурыенткі. Усе імёны змененыя ў мэтах бяспекі.

«Гутаркі з “класнай” тэт-а-тэт і абзвон бацькоў»

Настасся, маці Лізы, вучаніцы 10-га класа адной з менскіх гімназій:

– Увечары «класная» напісала ў агульны з дзецьмі чат: «Усім, у абавязковым парадку, адказаць, куды збіраецеся паступаць пасля заканчэння школы».

Яшчэ не ўсе вызначыліся, мы ж толькі ў 10-м вучымся. Для тых, хто дакладна адказаў (на шчасце, мая дачка сцяміла, што пытанне з падвохам), што збіраецца паступаць у Польшчы і іншых краінах, пачаліся гутаркі з «класнай» тэт-а-тэт і абзвон бацькоў.

З хлопчыкамі ўсё яшчэ больш сур'ёзна, некаторым пасля школы ўжо 18 будзе, незразумела, што з войскам. Калі з'язджаць, гэта квіток у адзін канец.

Бацькі ў шоку, дзеці псіхуюць і нервуюцца. Увогуле, настойліва рэкамендуюць не ехаць за мяжу, паступаць у свае ўніверсітэты: «Паверце, для вашага дзіцяці і вас так будзе лепш».

Усе, хто збіраюцца паступаць у Менску, пойдуць толькі на платнае, баяцца размеркавання і адпрацоўкі.

«У нас усё што заўгодна могуць прыдумаць»

Таццяна, маці Аліны, якая летась паступіла на моўныя курсы ва ўніверсітэт адной з еўрапейскіх краінаў і пасля іх паспяховага заканчэння была залічаная ў ВНУ на бюджэт.

– Мы пастанавілі, што Аліна не будзе прыязджаць дадому ў Беларусь, хоць летам вакацыі, а заняткі ва ўніверсітэце пачнуцца толькі ў верасні. У нас усё што заўгодна могуць прыдумаць, гэта вялікая рызыка.

Мы баімся, у першую чаргу, што яе не выпусцяць потым з Беларусі. Яна вельмі сумуе па доме, але што рабіць? Мы прыклалі неймаверныя намаганні на падрыхтоўку, выдаткавалі шмат сродкаў на рэпетытараў у некалькіх прадметах, каб паступіць у гэты ўніверсітэт.

Мне тэлефанавалі са школы і цікавіліся, у якую ВНУ яна паступіла. Я некалькі разоў ездзіла яе наведваць і на свае вочы бачыла, як на мяжы маладых людзей – студэнтаў з беларускім грамадзянствам – адводзяць у кабінеты на гутаркі.

Апошнія навіны