BE RU EN

«Гэта тэатр для аднаго гледача - Дональда Трампа»

  • 20.04.2025, 13:15

Што кажуць пра «велікоднае замірэнне» Пуціна.

Кіраўніцтва Украіны і заходнія эксперты не вераць у шчырасць намераў расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які абвясціў напярэдадні аб 30-гадзінным спыненні агню ў сувязі з Вялікаднем. Яны думаюць, што Пуцін хоча захаваць лаяльнасць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які прыстрашыў напярэдадні спыніць спробы мірнага ўрэгулявання. Пра тое, што «велікоднае замірэнне» разлічанае на замежную аўдыторыю, пішуць нават правайсковыя блогеры, паведамляе ВВС.

Раніцай у нядзелю прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што на розных кірунках фронту адбылося 59 абстрэлаў і пяць штурмавых дзеянняў. Ён спаслаўся на даклад гетмана УСУ Аляксандра Сырскага.

«Нашыя ваяры паўсюль адказваюць так, як вораг гэтага заслугоўвае ў пэўных баявых абставінах. Украіна будзе дзейнічаць і далей у адказ», - заявіў Зяленскі.

«Агулам на раніцу Вялікадня можам сцвярджаць, што расейскае войска спрабуе стварыць агульнае ўражанне спынення агню, але часам не пакідае асобных спроб прасоўвацца і наносіць страты Украіне, - рэзюмаваў украінскі прэзідэнт. - Расея павінна цалкам выконваць умовы цішыні».

Мінабароны Расеі не паведамляла аб парушэнні «велікоднага замірэння».

Эксперты сумняваюцца, што абвешчанае Масквой 30-гадзіннае спыненне агню можа зараз прывесці да замірэння. «Я не ўважаю гэта за сур'ёзны паказчык таго, што Пуцін гатовы да міру», – сказаў газеце Washington Post Эрык Чыарамела, старэйшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнэгі, які раней працаваў у Нацыянальнай радзе выведкі ЗША.

«Гэта, відавочна, манеўр, каб захаваць добразычлівасць прэзідэнта Трампа. Калі б Пуцін быў сур'ёзны, ён бы прыняў больш працяглае замірэнне, на якое ўкраінцы ўжо пагадзіліся», - мяркуе Чыарамела.

Расейскі навуковец, які размаўляў з амерыканскім выданнем на ўмовах ананімнасці, выказаў здагадку, што заява Пуціна аб кароткім «велікодным замірэнні» прагучала ў той момант, калі «расейскае кіраўніцтва зразумела, што ім трэба зрабіць нейкі жэст, каб перакінуць мяч на пляцоўку іншага боку».

«Паміж Масквой і Кіевам ідзе прапагандысцкая бітва, і абодва бакі спрабуюць абвінаваціць адзін аднаго ў адказнасці за прадаўжэнне канфлікту», – сказаў эксперт. «Гэта тэатр для аднаго гледача - Дональда Трампа», - дадаў ён.

Напярэдадні Трамп услед за дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё прыстрашыў спыніць спробы мірнага ўрэгулявання, калі Масква і Кіеў не дасягнуць прагрэсу ў перамовах у найбліжэйшы час. Менш чым праз дзень прагучала заява Пуціна аб 30-гадзінным спыненні агню.

Абвінаваціўшы Расею ў працягу абстрэлаў, Зяленскі ў той жа час паабяцаў, што Кіеў будзе выконваць рэжым спынення агню, калі яго не парушаць расейскія вайскоўцы.

«Абодва бакі, відавочна, імкнуцца прадэманстраваць зацікаўленасць у мірных перамовах перад усё больш нецярплівай адміністрацыяй Трампа», – каментуе Washington Post.

Аналітыкі мяркуюць, што кароткачасовая прапанова аб спыненні агню стала лёгкай дыпламатычнай перамогай Пуціна, а таксама спробай перашкодзіць амерыканскаму боку выйсці з канфлікту, піша Wall Street Journal. Як і іншыя, выданне звяртае ўвагу на тое, што заява прэзідэнта Расеі прагучала на наступны дзень пасля таго, як адміністрацыя Трампа прыстрашыла адмаўленнем ад сваіх намаганняў па спыненні агню.

Пуцін абвясціў аб спыненні агню ва Украіне да канца дня 20 красавіка. Зяленскі абяцаў адказаць «люстрана»

Расейскія правайсковыя блогеры адобрылі «велікоднае замірэнне» і таксама звязалі яго са спробай зрабіць крок насустрач ЗША. Блізкі да Мінабароны Расеі канал «Рыбарь» мяркуе, што 30-гадзіннае спыненне агню «не дасць супраціўніку істотнай перавагі ў ваенным плане, затое стане важным элементам, які ўмацоўвае дыпламатычную пазіцыю Расеі».

«Заявіць аб замірэнні першымі і прадэманстраваць гатоўнасць да мірнай ініцыятывы - гэта ў першую чаргу праца на замежную аўдыторыю. Асабліва на фоне кансультацый, якія працягваюцца з замежнымі краінамі», — піша «Рыбарь». А тэлеграм-канал «Два майора» заклікаў расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне, «няўхільна выконваць задачы замірэння»: «Менавіта вы вызначаеце сёння палітычны парадак Расеі на міжнароднай арэне».

Канал «Архангел спецназа» пры гэтым чакае, што УСУ «працягнуць ўдары і атакі», таму «хутчэй за ўсё, замірэнне не працягнецца гэтыя два дні». Зяленскі ў сваю чаргу абвінавачвае ў працягу баявых дзеянняў Расею.

«Фіксуем рэальную сітуацыю па ўсіх кірунках. Куршчына і Белгародская вобласць - на гэтую тэрыторыю велікодныя заявы Пуціна не распаўсюдзіліся. Баявыя дзеянні працягваюцца, расейскія ўдары працягваюцца», - заявіў прэзідэнт Украіны ў тэлеграме ў ноч на суботу.

«На частцы кірункаў на фронце працягвае гучаць расейская артылерыя, а не абяцанне цішыні ад расейскага кіраўніка. Ужываюцца расейскія дроны. На частцы кірункаў цішэй», - прызнаваў Зяленскі, не ўдакладняючы, дзе знізілася інтэнсіўнасць баявых дзеянняў.

Яшчэ раней ён заявіў, што «Украіна будзе дзейнічаць люстрана»: «Цішыня ў адказ на цішыню, удары ў абарону ад удараў». А кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга нагадаў, што Кіеў пагадзіўся на прапанову ЗША аб безумоўным спыненні агню яшчэ 11 сакавіка на перамовах у Савудаўскай Арабіі.

«Цяпер Пуцін зрабіў заявы аб сваёй нібыта гатоўнасці да спынення агню. Замест 30 дзён - 30 гадзін. На жаль, у нас ёсць доўгая гісторыя неадпаведнасці яго заяў яго дзеянням. Мы ведаем, што ягоным словам верыць нельга, і будзем глядзець не на словы, а на дзеянні», — напісаў Сібіга ў сацсетцы X. З яго слоў, Расея можа ў кожны момант пагадзіцца на прапанову аб поўным і безумоўным 30-дзённым спыненні агню, «якая знаходзіцца на стале з сакавіка».

Трамп «велікоднае замірэнне» пакуль не каментаваў, а ў ЕЗ да яго паставіліся з недаверам. «У Расеі ёсць паслужны спіс агрэсара, так што спачатку нам трэба ўбачыць рэальнае спыненне агрэсіі і відавочныя справы дзеля працяглага спынення агню», – заявіла ў суботу прадстаўніца Еўрапейскай камісіі ў замежных справах і палітыцы бяспекі Аніта Хіпер (цытата па Reuters).

У той жа час, на думку Wall Street Journal, «велікоднае замірэнне» Пуціна можа сігналізаваць аб магчымым адыходзе ад яго патрабавання ўрэгуляваць тое, што ён называе «карэннымі прычынамі» вайны, перш чым зрабіць паўзу ў баявых дзеяннях.

Washington Post нагадвае, што калі ААН прапаноўвала «велікоднае замірэнне» ў красавіку 2022 года, Расея адмовілася. Расея ў сваю чаргу прапаноўвала спыненне агню на Каляды ў 2023 годзе, але тады яго адпрэчыла Украіна.

Зяленскі раніцай у нядзелю заявіў, што ўкраінская прапанова падоўжыць рэжым цішыні на 30 дзён пасля 24:00 нядзелі застаецца ў дзеянні.

Апошнія навіны