Сіманьян: Кеасаян у коме
- 20.04.2025, 17:51
Расейская прапагандыстка расказала аб стане свайго мужа.
Галоўная рэдактарка прапагандысцкага тэлеканала RT Маргарыта Сіманьян распавяла пра стан мужа, рэжысёра і прапагандыста Тыграна Кеасаяна, які знаходзіцца ў коме пасля перажытай у канцы снежня 2024 года клінічнай смерці. У інтэрв'ю праграме «Лёс чалавека» на тэлеканале «Расія 1» яна падзялілася, што Тыгран Кеасаян пачаў рэагаваць на вонкавыя стымулы.
«Тыгран адказвае. Ён не гаворыць, але ён адказвае. Яму кажаш: «Сонейка, калі ты мяне чуеш, міргні». Ён міргае. Я яму нешта кажу: «Хадзем дадому, пойдзем дадому!» Ён рот адкрывае, пачынае варушыцца, рукі працягвае», - сказала Сіманьян і дадала, што муж сціскае пальцы на руках і нагах у адказ на яе дакрананні.
Стан прапагандыста цягам першага месяца пасля трагедыі заставаўся без зменаў — ён не рэагаваў на асяроддзе, не расплюшчваў вачэй. Пачынаючы з канца студзеня 2025 года сталі назірацца першыя прыкметы рэакцыі. Хаця лекары пакуль не даюць прагнозаў, улічваючы індывідуальнасць кожнага выпадку і складанасць стану.