BE RU EN

У Кітаі робаты прабеглі паўмарафон з людзьмі

  • 20.04.2025, 20:50

Фінішную рысу пераадолелі шэсць гуманоідаў.

Робаты-гуманоіды ўпершыню прабеглі паўмарафон у Пекіне бок аб бок з людзьмі. Пра гэта ў суботу, 19 красавіка, паведаміла агенцтва Xinhua.

Усяго ў забегу ўзялі ўдзел 20 двухногіх робатаў. Іх абслугоўванне забяспечвалі каманды штурманаў, аператараў і інжынераў.

У мэтах засцярогі робаты беглі па спецыяльна выдзеленым для іх трэку, паведамляе DW.

Падчас паўмарафона была дазволена замена батарэй. Забег праходзіў на асфальце, але былі і ўчасткі з неідэальным дарожным пакрыццём, а таксама ўздымы і спускі.

Большасць мадэляў былі адпраўлены на трасу з лабараторый, дзе яны распрацоўваліся, і не паспелі прайсці паўнацэнных выпрабаванняў.

Робат Tien Kung Ultra пераадолеў дыстанцыю за рэкордныя для гуманоідаў 2 гадзіны, 40 хвілін і 42 секунды. Самы хуткі з 10 тыс. жывых бегуноў уклаўся ў 1 гадзіну 11 хвілін 7 секунд.

"Пры падзенні чалавек можа ўстаць на ногі, зрабіўшы некалькі простых рухаў, але ў выпадку з робатамі патрабуецца адначасовая праца мноства суставаў", – растлумачыў Ян Гуодонг, сузаснавальнік стартапа, які распрацаваў робата-канкурэнта CASBOT SE.

Сапраўдная драма, паводле звестак Xinhua, разгарнулася на адзнацы ў 16 кіламетраў, калі Tien Kung раптоўна зваліўся. Інжынеры, якія яго суправаджаюць, прыйшлі на дапамогу і нават выкацілі рэзервовага андроіда. Паводле правілаў гонкі замена прывяла б мінімум да 10-хвіліннага штрафу.

Аднак праз пяць хвілін Tien Kung запрацаваў і аднавіў рух, пасля чаго рытм яго бегу больш не парушаўся.

Другое месца сярод робатаў заняла мадэль N2, трэцяе – гуманоід, распрацаваны шанхайскай кампаніяй DroidUp. Усяго да фінішнай рысы дабраліся шэсць чалавекападобных робатаў.

Кітай спадзяецца, што інвестыцыі ў перадавыя галіны, - такія як робататэхніка, - дапамогуць стварыць новыя стымулы для эканамічнага росту. Зрэшты, шэраг аналітыкаў ўсё ж сумняваецца, што падобныя - змешаныя - марафоны з'яўляюцца надзейным паказчыкам прамысловага патэнцыялу гуманоідаў.

Апошнія навіны