WSJ: ЗША перадалі Украіне сакрэтны план Трампа
- 21.04.2025, 9:40
У ім згадваецца ЗАЭС.
17 красавіка падчас сустрэчы ў Парыжы ўкраінскай дэлегацыі перадалі канфідэнцыйны дакумент з планам урэгулявання расейска-украінскай вайны. Кіеў павінен даць свой адказ па ім, піша The Wall Street Journal.
У дакуменце гаворыцца аб тым, што ЗША прапануюць спыніць агонь уздоўж цяперашніх ліній судотыку, а таксама прызнаць Крым расейскім. Са звестак выдання, дакумент выключае сяброўства Украіны ў NАТА, а тэрыторыю вакол Запарожскай атамнай электрастанцыі прапануюць зрабіць нейтральнай - яна магла б знаходзіцца пад кантролем ЗША.
План ЗША не прадугледжвае прызнання расейскімі чатырох анэксаваных абласцей, але і не патрабуе, каб расейцы сышлі з гэтых тэрыторый.
У той жа час ЗША не прапануюць зменшыць колькасць украінскага войска, як патрабаваў Крэмль, а таксама не выступаюць супраць заходняй вайсковай падтрымкі для Кіева ці разгортвання там еўрапейскіх войскаў.
Высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамента сказаў у каментары WSJ, што гэтыя варыянты з'яўляюцца магчымымі, а не прапановамі "ці так, ці ніяк". Чакаецца, што Кіеў дасць зваротную сувязь наконт гэтага плану ўжо на гэтым тыдні падчас сустрэчы службовых асоб ЗША, Украіны і Еўропы ў Лондане.
Прадугледжваецца, што дакумент перададуць для азнаямлення Расеі, калі пазіцыі ЗША, Еўропы і Украіны зблізяцца.