«Візавы цэнтр накрыўся хвастом»
- 21.04.2025, 10:45
Беларуска падзялілася сваім досведам падачы на візу ў Харватыю.
«Харватыя - складаная краіна для адкрыцця візы». Да такой высновы прыйшла беларуска, якая праз 55 дзён пасля падачы дакументаў атрымала пашпарт з адмовай. Сваёй гісторыяй жанчына падзялілася з тэлеграм-каналам «Визовый крот».
Жанчына спрабавала атрымаць візу для сябе і сям'і. Дакументы яна падала 18 лютага.
“Сёння праз 55 каляндарных дзён вярнуўся апошні пашпарт з адмовай. Пры ідэнтычным пакеце дакументаў (адзіная розніца: адна сям'я была ў Харватыі, другая - не) консул для адной сям'і вынес станоўчую пастанову (усе сямейнікі атрымалі візы), для другой - адмоўную. Такім чынам, усе планы кату пад хвост», - напісала жанчына.
У адмоўным бланку было пазначана, што заяўнікі не далі «абгрунтаванне мэты паездкі і месца знаходжання».
«Што не адпавядае праўдзе, бо консульства запытвала інфармацыю акурат пра мэту (далі падрабязны турыстычны план) і рэзервацыю месца асноўнага знаходжання ў Харватыі (першая рэзервацыя не спадабалася консульству з букінгу, бо ў якасці кантактнага быў указаны не харвацкі, а нямецкі нумар тэлефона). У выніку на рэкамендацыю самога консульства зрабілі ануляванне старой рэзерацыі і падалі сапраўдную рэзервацыю новага месца, далі ўсе кантакты харватаў, у якіх у выніку будзем пражываць, звязаліся з імі напрост, папярэдзілі, што будуць тэлефанаваць наконт нас з амбасады. Больш уласна нічога не пыталі. Увогуле, далі поўную інфармацыю, нічога не прыдумлялі і нікога не падманвалі, бо сапраўды хацелі ехаць усёй кампаніяй у вызначанае месца ў Харватыі. І візу прасілі ўсяго на 20 дзён», — патлумачыла беларуска.
Жанчына адзначыла, што «шматтыднёвыя перапіскі з консульствам ні да чаго не прывялі».
«Свінскае стаўленне да людзей, ніхто нічога табе не павінен і не збіраецца тлумачыць, як так выйшла. Візавы цэнтр накрыўся хвастом, нашае змаганне нічога не дало! Два месяцы з'едзеных нерваў, страчаныя грошы і скасаваная паездка ў выніку», - падзялілася сваім абурэннем жанчына.