На «Гродна Азоце» ўсё часцей спрацоўвае пажарная сігналізацыя
- 21.04.2025, 12:11
Прадпрыемства расказала аб праблемах.
На «Гродна Азоце» ўсё часцей спрацоўвае пажарная сігналізацыя - у параўнанні з першым кварталам мінулага года. Прычына - недастатковая надзейнасць датчыкаў пажарных апавяшчальнікаў і недагляд персаналу. Усе вінаватыя прыцягнуты да адказнасці, паведамляе hrodna.life са спасылкай на прэс-службу прадпрыемства.
На заводзе плануюць змяншаць колькасць спрацоўванняў. Будуць па-іншаму прэміраваць супрацоўнікаў.
Затое ў параўнанні з першым кварталам мінулага года не было пазапланавых прыпыненняў, звязаных з няпоўнай загрузкай магутнасцяў. Стала ўдвая менш няштатных сітуацый. У тых, якія адбыліся, не было віны персаналу.
У 1 квартале 2025 года знайшлі і ліквідавалі шэраг парушэнняў у бяспецы.
«Разам з тым праблемным месцам застаецца якаснае вядзенне дакументацыі, культура вытворчасці, выкананне дысцыпліны. З адказным персаналам па кожным факце парушэнняў праведзеная прафілактычная праца, спецыялістам цэхаў указалі на недастатковы ўзровень кантролю за працай падпарадкаванага персаналу, да асоб, якія дапусцілі парушэнні, выкарыстаныя меры дысцыплінарнага і матэрыяльнага характару», - пішуць на прадпрыемстве.