«Такое для Беларусі вельмі жорстка і, напэўна, нават сорамна»
- 21.04.2025, 16:37
Беларусы шакаваныя коштамі і дрэннай бульбай.
Людзі ў Беларусі здымаюць ціктокі пасля пакупак ежы і расказваюць, колькі грошай за яе аддалі. Некаторыя ролікі шакуюць высокімі коштамі і нізкай якасцю прадуктаў, піша “Белсат”.
Адна з карыстальніц у подпісе да відэа піша, што даводзіцца выжываць, а не жыць. Яна расказвае, што за 74 рублёў фактычна «нічога не купіла».
На гэтую суму ў яе атрымалася набыць наступныя прадукты: гарбату, невялікі кавалак сальтысона, цукар, крэм-сыр, кансерваваны гарошак і тунец, сардэлькі, зяленіва, грэчку, макароны, сыр, яйкі і агуркі, смятану і адну скумбрыю гарачага вэнджання.
“Усё, спадарства, 74 рублі, з улікам таго, што яшчэ мяса не купляла. Я, сапраўды, у шоку”, – кажа жанчына.
Іншыя працягваюць скардзіцца на кошты бульбы. Мужчына расказвае, што ў канцы сакавіка за 18 кілаграмаў аддаў 55 рублёў. Бульба выглядае вельмі добра, але такія куплі для мужчыны “крыху нязвыклыя”.
"Прадавец сказаў, што гэта яшчэ не апошняя цана, не самая высокая", – адзначае ён.
А на мінулым тыдні адна з пакупніц аддала за невялікі мяшок бульбы 5 рублёў і вельмі незадаволеная. Мяшок быў непразрысты, а пад ім схаваная дробная бульба вельмі дрэннай якасці.
"Такое, вядома, для Беларусі вельмі жорстка і, напэўна, нават сорамна", - кажа жанчына.
Яшчэ адна жанчына шакаваная коштамі памідораў у гіпермаркеце «Гіпа». Таматы чэры прапануюць купіць за 37,99 рублёў за кілаграм, а слівападобныя памідоры - па 31,16 рублёў за кілаграм.
Жанчына іранізуе, што 11 рублёў за кілаграм недаспелых памідораў, здаецца, было яшчэ танна.