Аб'яднаныя Арабскія Эміраты плануюць даверыць ШІ напісанне законаў
- 21.04.2025, 17:51
Краіна стане першай у свеце, якая залучыць штучны інтэлект да заканатворчасці.
Аб'яднаныя Арабскія Эміраты стануць першай краінай у свеце, дзе будуць выкарыстоўваць ШІ для напісання новых законаў, а таксама для перагляду і ўнясення паправак у дзейныя. Аб гэтым піша Financial Times.
Выданне адзначае, што такая пастанова з'яўляецца самай радыкальнай спробай дзяржавы выкарыстоўваць ШІ, у які яна ўклала мільярды даляраў.
Прэм'ер-міністр краіны шэйх Махамед ібн Рашыд Аль Мактум адзначыў, што ўкараненне ШІ ў заканадаўчы працэс зробіць яго больш хуткім і дакладным. Паводле ягоных слоў, сістэма будзе рэгулярна прапаноўваць змены ў заканадаўства, што, паводле чаканняў урада, паскорыць заканатворчую дзейнасць на 70%.
Плануецца стварыць шырокую базу звестак, якая ўключае ўсе федэральныя і мясцовыя законы, судовыя прэцэдэнты і інфармацыю з розных дзяржаўных ведамстваў. ШІ будзе аналізаваць гэтую інфармацыю, фармаваць прапановы аб зменах у заканадаўстве і ацэньваць іх уплыў на эканоміку і грамадства. Каардынацыю інтэграцыі ШІ у працэс стварэння законаў возьме на сябе спецыялізаваная структура пад назвай Regulatory Intelligence Office.
Тым не менш, экспэрты папярэджваюць аб магчымых рызыках гэтай ініцыятывы. Вінцэнт Штраўб, даследчык з Оксфардскага ўніверсітэта, адзначыў, што ШІ можа выдаваць ненадзейныя ці нават фальшывыя вынікі, а яго лагічныя развагі не заўсёды зразумелыя. Ён падкрэсліў, што залежнасць ад машынных алгарытмаў у такой важнай сферы, як заканатворчасць, можа быць небяспечнай.