BE RU EN

Кітай пачаў вяртаць у ЗША замоўленыя самалёты Boeing

  • 21.04.2025, 18:05

Два Boeing 737 MAX Пекін вярнуў менш чым за тыдзень.

Самалёт Boeing 737 MAX, замоўлены кітайскай авіякампаніяй Xiamen Airlines, вярнуўся ў ЗША, стаўшы «чарговай ахвярай» абвешчанай прэзідэнтам Дональдам Трампам гандлёвай вайны з Кітаем, піша Reuters.

Са спасылкай на звесткі сайта адсочвання палётаў AirNav Radar Reuters піша, што 737 MAX, ужо афарбаваны ў колеры кітайскай авіякампаніі, прызямліўся на Boeing Field у Сіэтле ўвечары, 20 красавіка. Для гэтага ён здзейсніў пералёт працягласцю амаль 8 тысяч км, зрабіўшы дазапраўкі на Гуаме і на Гаваях.

Гэта ўжо другі з некалькіх самалётаў 737 MAX – самай прадаванай мадэлі Boeing, – які кітайскі бок вярнуў у ЗША. У цэнтр камплектацыі ў Чжоўшане борт прыбыў крыху менш за месяц таму, дзе чакаў заканчэння падрыхтоўкі да эксплуатацыі.

Амерыканскі тэлеканал CNBC са спасылкай на звесткі Flightradar24 пісаў, што яшчэ адзін Boeing 737 MAX вылецеў з Чжоўшаня 18 красавіка. Які бок прыняў пастанову аб вяртанні бартоў, невядома, адзначае Reuters.

Узаемныя тарыфы ЗША і Кітая наўпрост пагражаюць развіццю авіягаліны: кошт самалёта Boeing 737 Max, які ацэньваецца на $55 млн, можа вырасці для Кітая больш чым удвая, піша Reuters. Апытаныя агенцтвам аналітыкі адзначаюць, што кіраўнікі некаторых авіякампаній ужо абвясцілі аб намеры адкласці запланаванае пашырэнне парка самалётаў праз нежаданне плаціць падвышаныя Трампам мыты.

Апошнія навіны