Арына Сабаленка засталася без Porsche
- 21.04.2025, 18:09
Беларуская тэнісістка саступіла ў фінале турніру ў Штутгарце.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ў фінале турніру ў нямецкім Штутгарце 21 красавіка ўступіла латвійскай тэнісістцы Алене Астапенцы.
Паядынак скончыўся ў двух сэтах з лікам 6:4, 6:1 на карысць Астапенкі.
Сустрэча прадоўжылася 1 гадзіну 26 хвілін. Вызначальным кампанентам, у якім Сабаленка саступіла спаборніцы, стала гульня на ўласнай падачы.
Турнір у Штутгарце не пакараецца Арыне: у Нямеччыне яна саступіла ўжо чатыры фіналы.
А змагацца ёсць за што: за перамогу, апроч прызавых $950 тысяч, арганізатары дораць спорткар Porsche Macan Turbo.
Пасля ўпушчанага ў чарговы раз трафея Сабаленка іранізавала, што такое аўто ёй застаецца толькі набыць.
- Кожны год мы спадзяемся атрымаць аўтамабіль, каб паганяць на ім у Маямі. Але не сёлета. Так што ў вас, хлопцы, няма аўтамабіля, ха-ха. Вам давядзецца набыць адно аўто. Спадзяюся, у наступным фінале мы выступім лепш, - сказала Сабаленка на корце пасля матчу.