Беларус Шкурын не забіў пенальці ў матчы «Легія» – «Лехія»
- 21.04.2025, 20:41
У даданы час ягоная каманда здолела вырваць перамогу.
Беларускі форвард варшаўскай «Легіі» Ілля Шкурын не рэалізаваў пенальці ў хатнім матчы чэмпіянату Польшчы з гданьскай «Лехіяй».
Шкурын выконваў адзінаццаціметровы на 52-й хвіліне пры ліку 1:1. Ягоны ўдар парыраваў брамнік Шымон Вайраух.
«Легія» ў выніку здолела атрымаць перамогу ў матчы, забіўшы ў даданы час – 2:1.
Пасля пераходу з мелецкай «Сталі» Шкурын правёў 10 матчаў за «Легію» ва ўсіх турнірах. У іх ён аформіў 1+2 паводле сістэмы «гол+пас».
«Легія» ідзе 5-й у табліцы Экстракласы.