Ватыкан назваў прычыну смерці Папы Рымскага
- 22.04.2025, 10:36
Раніцай у панядзелак Францішак запаў у кому.
Папа Рымскі Францішак памёр ад інсульту і незваротнай сардэчнай недастатковасці.
Аб гэтым піша Reuters, спасылаючыся на апублікаванае Ватыканам пасведчанне аб смерці пантыфіка. Ватыканскі лекар Андрэа Арканджэлі засведчыў, што раніцай у панядзелак, 21 красавіка, Францыск запаў у кому. Пасля гэтага ён сканаў.
Як адзначае агенцтва, лекары казалі Папе, які больш за пяць тыдняў ляжаў у шпіталі з падвойнай пнеўманіяй, зладзіць сабе двухмесячны адпачынак, аднак той працаваў да апошняга.
За дзень да смерці ён выступіў з велікоднай прамовай на плошчы Святога Пятра, а таксама меў сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі Джэй Дзі Вэнсам.