BE RU EN

СМІ даведаліся імаверныя дэталі «мірнага плана» Трампа

  • 22.04.2025, 10:42

Вашынгтон прапануе механізм за кантролем агню.

У рамках «мірнага плана» прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўваецца ідэя кантролю за спыненнем агню, які ажыццяўляла б супольная камісія ў складзе Украіны, Расеі і дзяржавы з-за межаў NATO.

Пра гэта стала вядома выданню The New York Post.

Хоць дэталі «мірнай дамовы» яшчэ не вызначаныя, адзін з высокапастаўленых службоўцаў адміністрацыі паведаміў выданню, што яны могуць уключаць размяшчэнне еўрапейскіх сіл ва Украіне, калі будзе дасягнутае спыненне агню.

«Самае складанае - гэта тое, як будуць выглядаць сілы бяспекі - мы называем гэта сіламі ўстойлівасці», - сказаў чыноўнік.

«Сілы ўстойлівасці - гэта частка гарантый бяспекі, якіх хочуць украінцы, і мы спадзяемся, што яны іх атрымаюць», - дадаў ён.

Таксама абмяркоўваецца стварэнне асобнай сілы для маніторынгу спынення агню, якая будзе выглядаць як «супольная камісія» расейцаў, украінцаў і трэцяй краіны, якая не з'яўляецца чальцом NATO. Такая місія павінна была б назіраць за лініяй фронту, каб пераканацца, што абодва бакі склалі зброю.

Са слоў чыноўніка, ЗША таксама могуць быць прыцягнутыя - але не «ботамі на зямлі, а як фінансавая сіла, разам з трэцім бокам».

Прапанова Трампа можа таксама ўключаць прызнанне ЗША ўкраінскага Крыма расейскай тэрыторыяй, паведаміла ў нядзелю газета Wall Street Journal.

Хоць выданне The New York Post адзначае, што не змагло самастойна праверыць гэтую інфармацыю, высокапастаўлены чыноўнік з адміністрацыі Трампа ў пятніцу заявіў, што Кіеў падчас перамоў з амерыканскай дэлегацыяй на мінулым тыдні быў больш за ўсё занепакоены «сухаземнай» часткай пагаднення, маючы на ўвазе прызнанне акупаваных Расеяй частак Украіны.

Чыноўнік заявіў, што Украіна, здаецца, «гатовая адмовіцца ад 20% сваёй зямлі», калі гэта будзе ўважацца за прызнанне тэрыторыі «дэ-факта», а не «дэ-юрэ».

«Дэ-факта» азначае, што мы прызнаем, што расейцы акупавалі гэтую зямлю, але мы не кажам, што (Украіна) збіраецца адмовіцца ад яе назаўжды. «Дэ-юрэ» азначае, што мы прызнаем, што (расейцы) забіраюць гэтую зямлю, і мы ніколі яе больш не ўбачым», - адзначыў чыноўнік.

Апошнія навіны