BE RU EN

Расейская прамысловасць патрапіла ў залежнасць

  • 22.04.2025, 12:04

РФ на 98% залежыць ад імпартных станкоў.

У Расеі на фоне заяў аб імпартазамяшчэнні больш як удвая вырасла вытворчасць айчынных станкоў, аднак залежнасць прадпрыемстваў ад замежнага абсталявання ўсё адно застаецца практычна абсалютнай. У 2024 годзе расейскія кампаніі набылі 693 тысячы станкоў, што амаль на траціну менш за пікавы 1 млн у 2023-м. Пры гэтым 98,3% з закупленай тэхнікі былі замежнай вытворчасці. Гэта вынікае з падлікаў кансалтынгавай кампаніі АТК+, якія прыводзяць «Ведомости». У той жа час, паводле інфармацыі АТК+, уласная вытворчасць станкоў у Расеі за пяць гадоў (з 2020 да 2024 год) вырасла больш чым удвая - з 5300 да 11360 штук.

Паводле ацэнкі крыніцы «Ведомостей» у адной з машынабудаўнічых кампаній, у 2024 годзе 71% усіх імпартных станкоў у Расею завезлі з Кітая. У грашовым вылічэнні пастаўкі склалі $1,61 млрд. Пры гэтым у 2020-2021 гадах на долю КНР прыпадала не больш за 20-25% у імпарце прамысловага абсталявання. Таксама ў 2024 годзе ў параўнанні з 2020-м у 27,5 разоў - да $55 млн - узляцелі пастаўкі станкоў з Індыі. Адначасова з гэтым праз санкцыі практычна да нуля скараціўся імпарт нямецкіх станкоў, якія да вайны ва Украіне займалі на расейскім рынку 15-20%. Тое самае адбылося з японскай і паўднёвакарэйскай тэхнікай, зазначыў суразмоўца выдання.

У той жа час айчынныя вытворцы станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем (ЧПУ) адчуваюць ціск з боку пастаўшчыкоў з Кітая, Індыі і Турцыі, кажа прадстаўнік «Растэха». Ён адзначыў, што для «выхаду на серыю» вытворцам патрэбная стабільная і масавая замова. За апошнія 3-5 гадоў расейскае станкабудаванне і прамысловая робататэхніка прадэманстравалі рост у сегментах станкоў з ЧПУ, лазернай і металаапрацоўчай тэхнікі, кажа кіраўнік партнёр АТК+ Аляксей Лапікаў. Аднак застаецца пытанне - які адсотак ад таго аб'ёму станкоў, які вырабляецца ў Расеі, збіраецца з замежных кампанентаў, кажа гендырэктарка холдынгу кантрактнай распрацоўкі электронікі SND Global Вольга Квашэнкіна. Са слоў эксперта рынку TechNet НТІ Юліі Улажновай, для вытворчасці айчынных станкоў выкарыстоўваецца імпартнае абсталяванне, праз што яны пакуль не могуць канкураваць з кітайскімі брэндамі па якасці і кошце.

У 2024 годзе прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін заявіў аб планах «адраджэння станкабудаўнічай галіны» і паабяцаў у найбліжэйшыя тры гады выдзеліць на пераабсталяванне станкаінструментальных прадпрыемстваў амаль 130 млрд руб. У СССР станочны парк складаў блізу 3 млн машын ва ўсіх галінах, нагадвае гендырэктарка «Джэйсан энд партнёрс кансалтынг» Святлана Вадзянава. Яна падкрэсліла, што станкабудаванне залежыць ад развіцця вялікай колькасці сумежных прамысловых галін у краіне, патрабуе сталага навуковага і прамысловага прагрэсу і вялікіх укладанняў. Пры гэтым гэта галіна з'яўляецца базавай, бо вырабляе машыны для вырабу іншых вырабаў і гатовай прадукцыі, рэзюмавала экспертка.

Апошнія навіны