BE RU EN

«Такі сцэнар моцна палохае Лукашэнку»

  • 22.04.2025, 19:48

Украіна гатовая нанесці папераджальны ўдар, калі вучэнні "Захад-2025" ператворацца ў правакацыю.

Супольныя расейска-беларускія вучэнні "Захад-2025" пройдуць у сярэдзіне верасня гэтага года. Ужо зараз назіраюцца перамяшчэнні войскаў РФ па тэрыторыі Беларусі.

У чым небяспека гэтых вучэнняў? Якія мэты мае дыктатар Пуцін? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з кандыдатам філасофскіх навук, кіраўніком украінскага Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Пляшко:

- Нядаўна выйшла інтэрв'ю нашага гетмана Аляксандра Сырскага, дзе ён сказаў, што УСУ ўважліва сочаць за сітуацыяй. Сырскі нагадаў, што ўсе падобныя вучэнні вельмі зручная нагода для фармавання ўдарнай групоўкі з мэтай учыніць напад або правакацыю. З іншага боку, мы ва Украіне абсалютна спакойна да гэтага ставімся. Цяпер немагчыма стварыць ударную групоўку, якая была б нечым нечаканым для нас. Украінска-беларуская мяжа - выдатна ўмацаваная зона. Там пераважна лясы і рэкі. Некаторыя дарогі ёсць, але яны даўно замінаваныя, створаны магутныя ўмацаваныя раёны.

Калі гіпатэтычна яны захочуць з таго боку здзейсніць правакацыю або напад на Украіну, то там адразу ж з'явіцца некалькі ўкраінскіх батарэй і схаваныя падраздзяленні, якія хутка знішчаць калоны тэхнікі акупантаў. Калона можа нават зайсці ў глыбіню на 10-15 кіламетраў, проста ў пастку, і потым будзе спаленая. Украіну ў гэтым плане нічым не спалохаеш і нічым не здзівіш.

- Ці павінны УСУ нанесці папераджальны ўдар па тэрыторыі Беларусі, калі гэтая ўдарная групоўка РФ усё ж будзе стварацца?

- Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо не раз запэўніваў, што сітуацыя 2022 года не паўторыцца. Нагадаю, тады з Беларусі заходзілі войскі РФ і ляцелі ракеты. Украіна абцірала кроў, але не адказвала ўдарамі па Беларусі. Як паказала гісторыя, гэта была правільная стратэгія. Бо мы пазбеглі ўцягвання беларускай дзяржавы і беларускага рэжыму ў вайну.

Мы ясна разумеем, што Лукашэнка і беларускае ВПК працуе на расейскую абаронную прамысловасць. Але ж прамога ўцягвання войска РБ не адбылося, і гэта сапраўды добра і для ўкраінцаў, і для беларусаў, і для стасункаў паміж народамі, таму што потым загаіць іх было б проста немагчыма. Вельмі шмат дзесяцігоддзяў прайшло б.

Але калі б гэта адбылося зараз, напрыклад, агрэсія ў выніку такіх вучэнняў, Украіна б вельмі хутка адказала. Гэты адказ быў бы нават яшчэ да перасячэння ўкраінскай мяжы. Калі паглядзець на карту, то паўднёвая града беларускіх гарадоў, у тым ліку інфраструктура, чыгунка, вельмі блізка да ўкраінскай мяжы. У той час, як украінскія абласныя цэнтры знаходзяцца больш за 100 кіламетраў ад мяжы. Напрыклад, той жа гонар і аснова беларускай эканомікі, Мазырскі НПЗ, дасягаем нават для ўкраінскай артылерыі. Для гэтага не трэба пераходзіць мяжу. Я ўжо не кажу, што ёсць дальнабойныя дроны. Калі такая правакацыя будзе ў бок Украіны, мы дамо жорсткі адказ.

У шэрагах УСУ ёсць цэлыя атрады беларускіх добраахвотнікаў, якія толькі чакаюць каманды, каб зайсці ў Беларусь. Такі сцэнар найбольш палохае дыктатара Лукашэнку. Таму для яго яшчэ адзін напад войска РФ з боку Беларусі ва Украіну быў бы як нож у спіну ад Пуціна. Пуцін гэтага таксама не хоча, бо «стабільнасць» у Беларусі яго задавальняе.

- Цяпер з'яўляецца ўсё больш інфармацыі аб тым, што Пуцін рыхтуе ўварванне ў краіны NАТО ўжо найбліжэйшыя некалькі гадоў. Гаворыцца, што яно можа адбыцца ў Сувалцкім калідоры. Ці могуць вучэнні «Захад-2025» быць падрыхтоўкай да гэтага ўварвання, ці гэта проста спроба адвесці ўвагу ад вайны ва Украіне?

- Расейскія прапагандысты адкрыта кажуць пра Сувалцкі калідор, пра Літву, пра Польшчу. Мне не зразумела, ці здольныя гэтыя краіны даць па зубах Пуціну, як Украіна? Ці здольныя яны стукнуць па Маскве і Пецярбургу? Я сумняваюся, хаця рады буду памыляцца. Пуцін можа ў выніку гэтых вучэнняў выпрабаваць пяты артыкул NATO на краінах Балтыі.

Пуціну няпроста даецца кожны метр украінскай тэрыторыі ў плане грошай і чалавечага рэсурсу. А тут новыя дзяржавы, якія не маюць гэтага досведу вайны і не ўмеюць так адказваць. На сённяшні дзень украінскае і расейскае войска - гэта два войскі на планеце, якія ведаюць паўнавартасна, што такое поўнамаштабная сучасная вайна з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Думаю, што яны могуць выпрабаваць пяты артыкул NATO. Гэтыя вучэнні для Пуціна могуць стаць магчымасцю неяк разгайдаць сітуацыю, узняць стаўкі.

- Якія інтарэсы пераследуе Лукашэнка, даючы тэрыторыю Беларусі для падобных манеўраў?

- Стратэгія №1 для Лукашэнкі - гэта ўтрыманне ўлады. Для яго, як і для Пуціна, - гэта пытанне жыцця і смерці. Відавочна, што яму на руку будзе сітуацыя, звязаная з замарожваннем вайны, са стабілізацыяй сітуацыі ў рэгіёне. Гэтыя вучэнні, безумоўна, зноў прывязваюць яго назад да вайсковага плана Пуціна. Але пакуль трымаецца пуцінскі рэжым, трымаецца і лукашэнкаўскі рэжым. Яны звязаныя крывёй, яны звязаныя рэпрэсіямі, яны звязаныя агульнымі злачынствамі. Таму яны будуць трымацца адзін за аднаго.

З іншага боку, трэба гэтак жа не забываць аб тым, што ўсялякія вучэнні - гэта навучанне. Вайскоўцы там вучацца. І беларускае войска - таксама вучыцца. Выкарыстоўваць дроны, адпрацоўваць штурмавыя дзеянні і гэтак далей. І гэта таксама з’яўляецца чыннікам.

Апошнія навіны