BE RU EN

The Telegraph: УСУ заспелі акупантаў знянацку

  • 22.04.2025, 16:25

"Вайна робатаў" яшчэ на ранняй стадыі, але яна ўжо пачалася.

Украіна ператварылася ў вайсковую лабараторыю для будучых тэхналогій і навучальны палігон для заходніх сістэм узбраення, "вайна робатаў" яшчэ на ранняй стадыі, але яна ўжо пачалася.

Пра гэта ў аўторак, 22 красавіка, піша The Telegraph, прысвяціўшы матэрыял "украінскаму войску робатаў", тэхналогіі, мэтай якой з'яўляецца не замена пяхоты на полі бою, інтэграцыя машын у ваенныя аперацыі, каб атрымаць перавагі над краінай-агрэсаркай Расеяй.

У якасці прыкладу выданне падае робата Змея, які ўжо дзейнічае на перадавой. Гэтая машына, адзначае The Telegraph, адна з 15 000, якія будуць разгорнутыя на полі бою ў 2025 годзе, каб кампенсаваць вострую нястачу жывой сілы.

Распаўсюджванне машын на полі бою ва Украіне таксама дае ўяўленне пра будучыню, у якой людзі і робаты ўсё часцей будуць ваяваць адзін з адным, і дзе нават самыя падрыхтаваныя салдаты наўрад ці змогуць спаборнічаць з інжынерам, які, застаючыся ў схованцы, кіруе машынай, адзначаецца ў артыкуле. Як распавёў журналістам адзін з распрацоўшчыкаў, "вайна робатаў" пакуль знаходзіцца на ранняй, эксперыментальнай стадыі, але яна ўжо пачалася.

Лінія фронту ў вайне РФ супраць Украіны з кожным днём становіцца ўсё больш антыўтапічнай, краіна ператварылася ў вайсковую лабараторыю для будучых тэхналогій і навучальны палігон для заходніх сістэм узбраення, канстатуе The Telegraph.

У публікацыі таксама паказваецца, што ва Украіне на гэты момант працуе больш за 500 абаронных стартапаў, арыентаваных на беспілотныя сістэмы. Са слоў Дэвіда Кірычэнкі, экспэрта з Henry Jackson Society, Украіна стала сусветным лідарам у галіне робататэхнікі, аднак не паводле ўзроўню тэхналагічнасці, а практычнасці. Краіна сканцэнтравана на стварэнні робатаў у вялікіх аб'ёмах і даступным коштам. Ён таксама звярнуў увагу на прамую сувязь паміж салдатамі і канструктарамі, дзякуючы якой змены ўносяцца "на працягу тыдня".

За 60-70% стратаў расейскай тэхнікі на полі бою «адказныя» БПЛА, што робіць іх значна больш эфектыўнымі, чым любая іншая зброя ў арсенале УСУ.

У артыкуле таксама згадваецца першая вайсковая аперацыя з удзелам толькі робатаў, якую ўкраінскія абаронцы правялі ў раёне вёскі Ліпцы Харкаўскай вобласці ў канцы 2024 года.

Яна ўсё яшчэ часткова засакрэчаная, але вядома, што ў ёй былі задзейнічаны дзясяткі розных дронаў, а таксама беспілотныя апараты, абсталяваныя кулямётамі.

“Супраціўнік быў цалкам заспеты знянацку”, - цытуе The Telegraph афіцэра Шухая з 13-й брыгады Хартыя.

Паводле ягоных слоў, "гэта было беспрэцэдэнтна… вораг быў у поўнай паніцы".

У каментары выданню былы аналітык Пентагона Марсэль Пліхта адзначыў, што наступным крокам стане супольная аўтаномная праца БПЛА і беспілотных наземных машын. Тэхналогія, зазначыў ён, яшчэ не гатовая, але гэта наступны рубеж.

Апошнія навіны