BE RU EN

Аналітык расказаў пра анамаліі з цэнамі ў Беларусі

  • 22.04.2025, 16:36

Пабіты дзесяцігадовы антырэкорд.

Цэны малочных прадуктаў у Беларусі пабілі дзесяцігадовы рэкорд, пра гэта расказаў старшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Анатоль Харытончык падчас брыфінгу 22 красавіка.

Месячны прырост коштаў, паводле ацэнкі аналітыка, у сакавіку склаў амаль 8% у ануалізаваным вылічэнні, піша «Зеркало». Пры гэтым з такіх жа разлікаў базавая інфляцыя, якую разлічваюць без уліку сезоннасці, узнялася амаль да 9 адсоткаў.

Ануалізаваная інфляцыя - гэта рост коштаў, пералічаны ў гадавым вылічэнні. Прасцей кажучы: калі падаражанне за 3 месяцы склала 2%, то ануалізаваная інфляцыя пакажа, на колькі могуць вырасці кошты за год, калі прадоўжаць у такім жа тэмпе. У гэтым прыкладзе - прыкладна на 8%.

- Гэта новы максімум пасля змененай сістэмы цэнавага кантролю ў кастрычніку 2022 года, - распавёў Анатоль Харытончык. - Прыкметнае паскарэнне базавай інфляцыі шмат у чым стала вынікам усплёску кошту прадуктаў харчавання. Ён быў [асабліва заўважны] на малочнай прадукцыі. Калі агулам прадукты харчавання падаражэлі прыкладна на 13% да лютага (у ануалізаваным вылічэнні), то малако і прадукты з яго - крыху больш чым на 40%. Гэта рэкордны месячны рост за больш як 10-гадовы перыяд.

У сакавіку паводле гэтай жа метадалогіі падліку сыры выраслі ў кошце ў сярэднім прыкладна на 12%, алей - на 17%, дадае аналітык.

Анатоль Харытончык мяркуе, што ўлады маглі непублічна дазволіць вытворцам такіх прадуктаў падняць цэны, каб згладзіць вялікую розніцу ў іх кошце ў Беларусі і Расеі. Да гэтага прадаваць на расейскі рынак вытворцам было больш выгадна, таму што там цэны прыкметна вышэйшыя, чым у нашай краіне.

Апошнія навіны