Рубіё пацвердзіў адмову ад удзелу ў перамовах аб Украіне ў Лондане
- 23.04.2025, 9:13
Пасля адмовы Зяленскага прызнаць Крым расейскім.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё скасаваў паездку ў Лондан, дзе пройдуць перамовы аб заканчэнні вайны ва Украіне. Гэта адбылося пасля заявы ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага аб тым, што Кіеў не прызнае Крым расейскім у рамках мірнай дамовы, піша New York Times. Прадстаўніца Дзярждэпа Тэмі Брус патлумачыла пастанову Рубіё ягоным шчыльным графікам. "Гэта тычыцца тэхнічных праблем у яго раскладзе", - адзначыла прэс-сакратарка.
Сустрэча павінна прайсці сёння, 23 красавіка. Акрамя Рубіё, на ёй не будзе прысутнічаць спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф, які вядзе перамовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Амерыканскую дэлегацыю ўзначаліць іншы спецпасланнік Трампа — Кіт Келаг. Са звестак Axios, на сустрэчы ЗША хочуць атрымаць ад Украіны адказ на сваю мірную прапанову, якая раней была прадстаўленая Кіеву і еўрапейскім супольнікам з Вашынгтона. План прадугледжвае прызнанне анэксаванага Крыма расейскай тэрыторыяй дэ-юрэ, а астатніх захопленых украінскіх земляў - дэ-факта. Таксама мірная ініцыятыва мае на ўвазе адмову Украіны ад сяброўства ў NАТО. Зяленскі напярэдадні яшчэ раз публічна заявіў, што Кіеў не прызнае юрыдычна Крым расейскім. «Гэта па-за нашай Канстытуцыяй. Гэта нашая тэрыторыя, тэрыторыя народа Украіны», - сказаў Зяленскі. Паводле ягоных слоў, украінская дэлегацыя на сустрэчы з ЗША і еўрапейскімі супоьнікамі ў Лондане засяродзіцца на магчымасцях устанаўлення «безумоўнага спынення агню».