Расея перастала плаціць пенсіі сваім грамадзянам у Латвіі
- 23.04.2025, 10:43
Выплат няма ўжо два месяцы.
У Латвіі паведамілі, што Расея затрымлівае перавод сродкаў, прызначаных на пенсійныя выплаты рэзідэнтам Латвіі, якія атрымліваюць расейскія пенсіі, і звярнуліся па афіцыйныя тлумачэнні.
Пра гэта паведамляе Delfi.
Дзяржаўны сакратар Міністэрства дабрабыту Інгус Алікс расказаў, што пакуль Латвія атрымала толькі адну рату сродкаў з РФ на пенсіі расейскім пенсіянерам - блізу 21 тысячы еўраў, тады як поўная сума для выплат расейскіх пенсій за першы квартал 2025 года складае 3,5 млн еўраў.
На канец 2024 года ў Латвіі было 9700 атрымальнікаў расейскіх пенсій.
Чыноўнік адзначыў, што «партрэт» гэтых людзей не аднастайны - частка дагэтуль працуе, частка атрымлівае пенсію і ад Латвіі, і ад Расеі, і толькі для невялікай часткі расейская пенсія з'яўляецца адзінай крыніцай даходу. Алікс сказаў, што калі праз затрымкі выплаты людзям не стае грошай на самае неабходнае, трэба звяртацца ў мясцовыя органы ўлады па дапамогу.
Яшчэ ў сярэдзіне красавіка Дзяржаўнае агенцтва сацыяльнага страхавання Латвіі накіравала афіцыйны запыт у Расею наконт адсутнасці пераводу на выплату пенсій, перадало абноўлены спіс атрымальнікаў пенсій і папрасіла тлумачэнняў сітуацыі.
Расейская старана павінна была перавесці гэтыя сродкі яшчэ ў лютым, а ў траўні надыходзіць тэрмін для пераводу наступнай раты на пенсіі - ужо за другі квартал года.
Латвія адмініструе выплату расейскіх пенсій расейскім пенсіянерам у Латвіі па двухбаковым пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы сацыяльнай абароны ад 2011 года. Паводле гэтага дакумента, Расея павінна пераводзіць сродкі, прызначаныя для латвійскіх атрымальнікаў, у другім месяцы кожнага квартала года.
Такая сітуацыя з затрымкай пераводу ўжо была ў 2023 годзе.