BE RU EN

Новым Папам Рымскім можа стаць кардынал, які цытаваў Барадуліна

  • 23.04.2025, 12:05

Кардынал Паралін добра ведае пра сітуацыю ў Беларусі.

Аўтарытэтная італьянская газета La Stampa мяркуе, што новым Папам Рымскім можа быць абраны 70-гадовы Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін. Выданне назвала яго адным з асноўных прэтэндэнтаў. Абранне Пантыфіка адбудзецца на канклаве, які павінен сабрацца ў траўні, піша katolik.life.

Кардынала Параліна добра ведаюць на постсавецкай прасторы і ён таксама добра арыентуецца ў сітуацыі ва Усходняй Еўропе. Ён наведваў з афіцыйнымі візітамі Беларусь, Украіну, Расею.

Апошняя камунікацыя беларускіх герархаў з кардыналам адбыліся літаральна два месяцы таму. Як расказваў тады Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Іосіф Станеўскі, кардынал Паралін цікавіўся “канкрэтным жыццём нашых вернікаў і адначасова нашага грамадства”:

“Былі і асабістыя пытанні, пра якія я і не меркаваў, што ён можа ведаць. Убачыўшы маё здзіўленне пытаннем, растлумачыў: "гэта Ватыкан".

У 2015 годзе на сустрэчы з моладдзю ў Менску (на фота) кардынал Паралін цытаваў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, прызнаваўся, што ўзрушаны яго вершамі.

А на перамовах з уладамі кардынал тады казаў, што Апостальская Сталіца гатова дапамагчы ў імкненні Беларусі да большай адкрытасці ў дачыненні да Еўрапейскага звязу, да астатняга свету, паколькі "палітыкай Ватыкана кіруе перакананасць у тым, што цяжкасці павінны развязвацца не праз ізаляцыю, а праз дыялог".

Візіт Параліна ў Беларусь садзейнічаў тады вызваленню палітычных зняволеных.

У цэлым Дзяржсакратар не раз сустракаўся з беларускімі біскупамі ў Ватыкане. На адной з такіх сустрэч кардынал выказваў «глыбокую занепакоенасць станам замежных святароў, якія маюць цяжкасці з атрыманнем дазволу на служэнне ў Беларусі, а таксама немагчымасцю для святароў, якія наведваюць краіну, служыць Эўхарыстыю без дазволу ўлады».

Кардынал тады задаваў рытарычнае пытанне, ці ёсць яшчэ недзе ў свеце нешта падобнае. На думку кардынала, такая сітуацыя непрымальная.

Апошнія навіны