З'явіліся новыя фота ўнікальнай украінскай цяжкай баявой машыны пяхоты БМП-55
- 23.04.2025, 12:13
Лабавая браня павінна вытрымліваць траплянне набояў калібру не менш за 25-30 мм.
У сеціва выклалі новыя фатаграфіі цяжкай баявой машыны пяхоты БМП-55, над якой у 2000-х працавалі спецыялісты Харкаўскага канструктарскага бюро машынабудавання. На іх звярнуў увагу партал The War Zone.
На фатаграфіях можна бачыць паддоследны экзэмпляр БМП. Бачных пашкоджанняў баявая машына не мае. Іншых дэталяў (напрыклад, месцы здымкі) прадстаўлена не было.
Вядома, што БМП-55 вырабілі на базе савецкага танка Т-55. Сілавая ўстаноўка знаходзіцца ў пярэдняй частцы корпуса. Вага машыны (без узбраення) складае 28,5 тон. У склад экіпаж уваходзяць тры чалавекі.
У кармавой частцы БМП-55 размешчана дэсантная апарэль, якая дазваляе весці дэсантаванне пад прыкрыццём бранявога корпуса машыны і лёгка перамяшчаць грузы і параненых унутр баявога аддзялення. У дэсантным аддзяленні можна размясціць дзесяць вайскоўцаў.
БМП-55 абсталяваная 12,7-мм кулямётам НСВТ, устаноўленым у вежы з дыстанцыйным кіраваннем. Прадугледжаная магчымасць устаноўкі супрацьтанкавых кіраваных ракет.
Лабавая браня БМП-55 павінна вытрымліваць траплянне набояў калібру не менш за 25-30 мм. Кармавая браня абараняе ад куль калібрам 14,5 мм бранябойнага тыпу.
Статус праекту пакуль невядомы. У тэорыі Украіна магла б вырабляць такія БМП, аднак спецыялісты звяртаюць увагу на важную рэсурсную перашкоду, а менавіта - адсутнасць неабходнай колькасці шасі ад Т-55 у прыдатным да эксплуатацыі стане.