Экс-памежніка з Гародні прысудзілі да 10 гадоў калоніі
- 23.04.2025, 12:20
Лукашысты абвінавацілі яго ў «дзяржаўнай здрадзе».
У Гарадзенскім абласным судзе 10 сакавіка быў вынесены прысуд 42-гадоваму палітвязню Сяргею Цераховічу.
Яго абвінавацілі ў "дзяржаўнай здрадзе" (ч. 1 арт. 356 КК) і прызначылі дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Падрабязнасці справы невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд вынес Юры Казакевіч, піша “Вясна”.
Пра Сяргея вядома няшмат. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Гародні. Паводле звестак “Белпола”, ён да канца 2016 года служыў старшым тэхнікам у памежнай частцы 2141, якая абслугоўвала пункт “Брузгі” на беларуска-польскай мяжы.
Са звестак Digital Intelligence Team, пасля 2016 года Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы "Севіры Сэрвіс", якая выконвала рытуальныя паслугі. Таксама ў яго ёсць статус ІП, сферай дзейнасці якога абазначана “Паштовая і кур'ерская дзейнасць”.