Менскія лекары развеялі два міфы аб прышчэпках супраць грыпу і ВПЧ
- 23.04.2025, 14:40
Стала вядома, колькі беларусаў адмаўляюцца вакцынавацца ўвогуле.
Мінскія лекары на прэс-канферэнцыі 23 красавіка развеялі міфы аб вакцынацыі. Спецыялісты расказалі, чаму прышчэпка ад грыпу не выклікае хваробу, а вакцына супраць ВПЧ не ўплывае на фертыльнасць. Яны таксама агучылі, колькі беларусаў адмаўляюцца ад імунізацыі і якія новыя прышчэпкі, паводле іх меркавання, павінны з'явіцца ў нацыянальным календары.
"Мамы баяліся прышчэпліваць сваіх дзяўчатак"
На прэс-канферэнцыі "Правядзенне Еўрапейскага тыдня імунізацыі" 23 красавіка менскія лекары назвалі журналістам Telegraf.news некалькі самых распаўсюджаных міфаў аб вакцынах.
Так, паводле слоў намесніка галоўнага лекара эпідэміялогіі ДУ "Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя" Алы Дашкевіч, існуе меркаванне, што чалавек робіць прышчэпку ад грыпу і захворвае.
“Такія сітуацыі магчымыя, калі чалавек зрабіў прышчэпку і ўсё адно захварэў. Але гэтая сітуацыя ніякім чынам не звязана з вакцынацыяй. У нас у краіне выкарыстоўваюцца інактываваныя вакцыны, якія не могуць выклікаць захворванне. Можа быць збег абставін. Магчыма, чалавеку рабілі прышчэпку, калі ён ужо быў у інкубацыйным перыядзе”, - патлумачыла яна.
У сваю чаргу загадчыца лабараторыі онкагінекалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава Вольга Матылевіч адзначыла, што існуе міф, што прышчэпка супраць віруса папіломы чалавека ўплывае на фертыльнасць, ці здольнасць да родаў.
“Мамы вельмі баяліся прышчэпліваць сваіх дзяўчатак. Але ўжо даказана, што гэта е так. Узялі 500 тысяч дзяўчатак прышчэпленых і 500 тысяч непрышчэпленых. Было даказана, што прышчэпка не ўплывае на фертыльнасць. Прышчэпка супраць ВПЧ - унікальная магчымасць пазбегнуць пераданкалогію і анкалогію шыйкі маткі і іншых палавых органаў у чалавека”, - падкрэсліла спецыялістка.
Колькі беларусаў адмаўляюцца прышчапляцца?
Ала Дашкевіч заявіла, што ў Беларусі штогод ахоп насельніцтва прышчэпкамі складае 97-98 працэнтаў. Паводле ейных слоў, астатнія 2% — гэта людзі, якія не прышчэпленыя з прычыны супрацьпаказанняў і тыя, хто адмаўляецца ад прышчэпак.
“Гаворачы аб адмовах б сказала, што іх колькасць невялікая. Большая колькасць тых, хто вагаецца ў прыняцці пастановы. І праца з такімі дарослымі, бацькамі ажыццяўляецца шматузроўневая. У арганізацыях аховы здароўя гэта праводзяцца гутаркі, пачынаючы ад педыятра да загадчыкаў аддзяленняў, намесніка кіраўніка і кіраўніка. Калі на ўсіх этапах спецыялісты спрабуюць данесці правільную інфармацыю аб вакцынацыі”, - сцвярджае экспэртка.
Паводле ейных слоў, 10% адмоўнікаў удаецца разупэўніць, і яны прышчэпліваюцца самі і прышчэпліваюць сваіх дзяцей.
"На жаль, нейкая частка адмоў усё ж застаецца і ў гэтым кірунку работа працягваецца", — сказала спікер.
Якія прышчэпкі яшчэ трэба ўключыць у нацыянальны каляндар?
Акрамя таго, на прэс-канферэнцыі галоўная пазаштатная спецыялістка Міністэрства аховы здароўя ў дзіцячых інфекцыйных хваробах, старшыня рады імунапрафілактыкі Міністэрства аховы здароўя, доктарка медыцынскіх навук, прафесарка Аксана Раманава адказала на пытанне Telegraf.news, якія новыя захворванні могуць запатрабаваць уключэння ў каляндар прышчэпак у найбліжэйшыя гады.
Адзначым, што зараз у Беларусі з 1 студзеня 2025 года дзейнічае новы Нацыянальны каляндар, які ўключае 13 прафілактычных прышчэпак. Сярод навацый - пнеўмакокавая вакцына, рэвакцынацыя коклюшу, вакцына супраць віруса папіломы чалавека.
На думку экспэрта, трэба ўводзіць вакцынацыю супраць менінгакокавай інфекцыі.
«Гэта непрадказальная інфекцыя для дзіцяці, для падлеткаў, для дарослых і паджылых людзей. Мы працуем, і Міністэрства аховы здароўя нас у гэтым падтрымлівае», - патлумачыла лекарка.
Таксама на экспэртнай радзе разглядаецца варыянт вакцынацыі ад ротавіруснай інфекцыі.
“Гэтая інфекцыя, з якой нібыта можна справіцца, але яна дае сітуацыі, калі дзеці трапляюць і ў рэанімацыйнае аддзяленне. Дзяцей неабходна абараняць”, - падкрэсліла прафесарка.
А яшчэ экспэрты лічаць неабходным вакцынаваць людзей ад ветраной воспы:
“Нібыта малыя дзеці пераносяць яе нармальна, але ёсць дзясятак людзей, якія паступаюць з бактэрыяльнымі ўскладненнямі, патрабуецца і хірургічнае ўмяшанне, і антыбактэрыйная тэрапія”.
Разглядаецца і вакцынацыя супраць клешчавога энцэфаліту.
“Ёсць асяродкі ў краіне, дзе перавышаюцца парогавыя значэнні. Трэба насельніцтва краіны бараніць ад гэтых інфекцый. Многія з нас падарожнічаюць, могуць прывозіць інфекцыі такія як малярыя. Свет непрадказальны, вірусаў так шмат і яны мутуюць. Што будзе далей, складана прадказаць”, - заўважыла Аксана Раманава.
Яна падкрэсліла, што для вакцынацыі патрэбны грошы. Рада, якую яна ўзначальвае, паспяхова працуе з Міністэрствам аховы здароўя, з эпідэміёлагамі для таго, што дапаўняць каляндар прышчэпак.